зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Будынак былой бурсы (корпус Ж)

Шыфр

212Г000960

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

1789

Стыль

Класіцызм

Апісанне

Будынак былой бурсы (корпус Ж), вул. Стралецкая, 4. 

Полацкі езуіцкі калегіум займаў адметнае месца сярод езуіцкіх арганізацый на тэрыторыі Беларусі. Быў адным з першых, заснаваных у нашым краі. Рашэнне аб яго адкрыцці кароль Стэфан Баторый прыняў 4 кастрычніка 1579 г. Пачаў калегіум  дзейнічаць  у 1582 г. Менавіта Полацкаму калегіуму адводзілася галоўная роля ў прапагандзе і ўмацаванні пазіцый каталіцызму ў Рэчы Паспалітай, падаўленні пратэстантызму і розных ерэтычных вучэнняў. На працягу ўсёй гісторыі існавання калегіум знаходзіўся пад пільнай увагай папаў рымскіх, дзяржаўнай улады, кіраўніцтва ордэна. Будынак бурсы (інтэрнат пры духоўнай навучальнай установе, а таксама духоўная семінарыя) быў пабудавны ў 1789 г. па ініцыятыве Г.Грубера для семінарыстаў. Як адзначае А. Салаўёў, гэта была апошняя пабудова на тэрыторыі калегіума, узведзеная з буйнапамернай цэглы. Першапачаткова будынак быў прамавугольны ў плане. Бакавыя прыбудовы з’явіліся пазней, дакладных звестак няма, але большасць даследчыкаў мяркуе, што ў 1912 – 1914 гадах. Уваход у будынак знаходзіўся на ўсходнім фасадзе, у паўднёва-ўсходнім куце існавалі скляпеністыя сені. На кожным паверсе было па 5 пакояў. Ацяпляўся будынак печамі, абліцаванымі зялёнай паліванай кафляй. 

 Падчас існавання тут кадэцкага корпуса будынак бурсы выкарыстоўваўся пад кватэры служачых. Якія адбываліся рамонтныя работы ў той перыяд дакладна невядома.

У Вялікую Айчынную вайну будынак захаваўся. Пасля вайны выкарыстоўваўся як адміністрацыйны. У 1960-я гг. ў прыбудове была зроблена новая  прахадная. На фасадзе па вул. Стралецкай замест аконнага праёма быў зроблены дзвярны. Раней прахадная знаходзілася ў другім канцы будынка пад драўлянай з балясінамі лесвіцай. У 2015 г. былы будынак бурсы рэканструяваны   пад вучэбны корпус.

Мураваны двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з двума бакавымі рызалітамі. Накрыты вальмавым дахам з паўцыркульнымі люкарнамі. Фасады патынкаваныя і пафарбаваныя, пластыка стрыманая. Цокаль абліцаваны бетоннымі плітамі. Унутраная планіроўка часткова зменена. Інтэр’еры маюць сучаснае афармленне. На першым паверсе зандажамі, зробленымі падчас рэканструкцыі,  праілюстраваны рэшткі пятаў першапачатковых скляпенняў.