зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

будынак былой гасцініцы ”Лондан“

Шыфр

213Г000969

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вул. Леніна, 3

Датаванне

пач. ХХ ст.

Апісанне

Будынак двухпавярховы прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Пад часткай дома існуе невялікі падвал (65 кв.м). Галоўны фасад патынкаваны і пафарбаваны, пластыка даволі выразная. Кампазіцыя фасада асіметрычная. Раней з усходняга краю будынка існаваў арачны праезд у двор, на месцы якога пазней былі зроблены два аконныя праёмы на ўзор з астатнімі вокнамі першага паверха. Па гарызанталі будынак падзелены міжпаверхавай цягай з сухарыкамі. Па вертыкалі раскрапаваны пілястрамі, на першым паверсе руставанымі з квадратнымі філёнгамі, на другім аздобленымі дэкаратыўнымі элементамі (гіркамі) і таксама філёнгамі. Пілястры размешчаны ў пэўнай паслядоўнасці: пара пілястр фланкіруе фасад, адна пілястра аддзяляе частку фасада з былым праездам (на шырыню двух аконных праёмаў) і адна пілястра падзяляе фасад па цэнтры (без уліку часткі фасада з праездам). Фасадная сцяна на першым паверсе прарэзана слаба выражанымі лучковымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах з замковым каменем і зверху з маскаронамі (з заходняга краю фасада адзін маскарон страчаны). Знізу аконныя праёмы падкрэслены прафіляванымі карнізнымі паяскамі і вузкімі прамавугольнымі філёнгамі. Міжаконныя прасценкі апрацаваны рустам. На другім паверсе арачныя аконныя праёмы дэкарыраваны прафіляванымі ліштвамі, аформленымі архівольтамі, якія ствараюць аркатурны пояс. Міжаконныя прасценкі аздоблены дэкаратыўнымі элементамі накшталт гірак. Пад вокнамі размешчаны прамавугольныя філёнгі. Завершаны галоўны фасад вузкім філянговым паяском, развітым карнізам з сухарыкамі і аркатурным поясам. Бакавыя і дваровы фасады будынка зацёртыя па цэгле і пафарбаваныя.Бакавы ўсходні фасад глухі, завершаны карнізам з сухарыкамі, муроўка якога адрозніваецца ад карніза на галоўным фасадзе і ад муроўкі самой сцяны (відавочна зроблены пазней).Бакавы заходні фасад падзелены тонкім паяском міжпаверхавай цягі. На першым паверсе ў цэнтры прарэзаны арачным аконным праёмам з цаглянай перамычкай без дэкору. На другім паверсе арачны аконны праём аформлены прафіляванай ліштвай, выкананай з цэглы. Знізу бачны сляды замуроўкі праёма, раней акно было большае па вышыні. Завершаны фасад вузкім філянговым паяском і карнізам са ступеньчатымі сухарыкамі, якія ўтвараюць аркатурны пояс.Дваровы фасад як і галоўны за кошт існавання праезда вырашаны асіметрычна. Усходняя частка фасада на другім паверсе над былым праездам вылучана двума арачнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі такога ж абрысу сандрыкамі. На першым паверсе на месцы былога праезда зроблены дзвярны праём. Астатняя частка фасада на першым і другім паверхах члянёна лучковымі аконнымі праёмамі, аформленымі цаглянымі перамычкамі. У цэнтры фасада раней існаваў эркер альбо нават рызаліт, аб чым сведчаць сляды пераробак. З заходняга боку фасада захавалася міжпаверхавая цяга. Фасад завершаны вузкім філянговым паяском і карнізам з сухарыкамі (таксама маюцца сляды перамуровак карніза). Паўночна-заходні знешні вугал будынка знізу скруглены. Унутраная планіроўка часткова зменена. Элементаў аздаблення інтэр'ераў не захавалася.