Шыфр
111Г000741_3
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1912-1914 гг.
Апісанне
Парахавы склеп "Ж-З" уяўляе сабой бетаніраванае казематаванае прамавугольнае ў плане збудаванне, абвалаванае са знешняга (паўднёвага) боку земляным насыпам. Таўшчыня наружных сцен збудавання дасягае 2,10 м. Унутраныя сцены маналітныя жалезабетонныя і цагляныя таўшчынёй 0,71 м, перакрыцці маналітныя жалезабетонныя. Уваходзіць у склад сістэмы фартоў у комплексе фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці, узведзеных напярэдадні Першай сусветнай вайны.
У 1911 г. пад кіраўніцтвам капітана І.В. Бялінскага пачалося ўзвядзенне форта "Ж" у раёне вёскі Дубіннікі. З шаснаццаці фартоў, якія мусілі пабудаваць і мадэрнізаваць, пяць так і не былі пачатыя, шэсць былі гатовыя напалову, два - на дзве траціны і толькі фарты "А" і "Ж" удалося скончыць поўнасцю.
Парахавы склеп "Ж-З" адносіцца да апошняга этапу будаўніцтва ўмацаванняў Брэсцкай крэпасці - другой лініі абароны 1911 - 1915 гг. Афіцыйна прынятай датай пабудовы парахавога склепа "Ж-З" лічыцца 1912 г. Ён быў пабудаваны на паўднёвы-ўсход ад крэпасці, у раёне в. Гершоны. Хто непасрэдна кіраваў будаўнічымі работамі пры ўзвядзенні парахавога склепа "Ж-З", у пісьмовых крыніцах не паведамляецца. Парахавы склеп адносна добра захаваўся. У 1940 - 1941 гг. побач з парахавым склепам былі пабудаваны тры доты, якія захаваліся.