Шыфр
53АК000070
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Абрад «Варварынская свяча» вёскі Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці з’яўляецца аброчным. Асаблівасць дадзенага абраду заключаецца ў тым, што аброк (рознакаляровыя стужкі, тканіна, ручнікі) могуць прыносіць выключна жанчыны. Гэта звязана з тым, што свяча зроблена ў гонар святой пакутніцы Варвары, якая была забіта ўласным бацькам за тое, што спавядала хрысціянства. Абракаючыся, жанчыны просяць у свячы дапамогі, вераць у яе сілу і ўпэўнены, што калі свяча з’явіцца ў хаце, то з сабой абавязкова прынясе дабрабыт, здароўе і шчасце. Свяча нагадвае чалавека з узнятымі ўгару рукамі і складаецца з «цела», «галоўкі» і «ручак». Раз у год напярэдадні дня святой Варвары ўвечары 16 снежня свячу «амаладжваюць» – прымацоўваюць новыя самаробныя свечы да старых – і пераапранаюць у новае адзенне (сподняя рубашка, сукенка, пояс, вяночак), а потым ладзяць святочную вячэру. На наступны дзень жанчыны адвозяць свячу ў царкву для асвячэння. Мінулагодняя «вопратка» свячы застаецца ў храме і любы жадаючы можа, ахвяраваўшы царкве, узяць яе частку для сваёй сям’і. Увечары жанчыны збіраюца зноў, каб ушанаваць свячу ў новай хаце. Свяча пераходзіць па замкнёнаму колу ў якасці абярэга сям’і, гаспадаркі кожны год з адной хаты ў другую па чарзе далучэння да абраду яго ўдзельніц. У выпадку, калі любая жанчына з вёскі захоча абракнуцца, то свяча ў гэты ж год трапляе ў яе хату. Большасць удзельніц абраду – жанчыны сталага ўзросту. Да іх час ад часу далучаюцца жанчыны сярэдняга ўзросту, часцей за ўсё гэта блізкія сваячкі. Кола носьбітаў з’яўляецца дастаткова вузкім і ўключае каля 10 прадстаўніц розных сем’яў