Шыфр
53АЛ000101
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Традыцыя правядзення абраду выклікання дажджу ў засушлівы перыяд бытуе толькі ў вёсцы Стары Дзедзін, дзе суполка жанчын, а ў абрадзе ўдзельнічаюць толькі жанчыны, здаўна “заклікае дождж” ці “арэ раку”. Традыцыя мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вескі Стары Дзедзін.
Абрад не мае пэўнай даты правядзення, бо праводзіцца аказіянальна – толькі тады, калі няма больш тыдня дажджу і гіне ўраджай збожжавых на палях, і на гародах вяскоўцаў. У аснове магічных дзеянняў, песень, пераворвання дна рэчкі знаходзіцца ахоўная магія ад засухі, каб выкліканы дождж садзейнічаў росту збожжавых і іншых культур не толькі на палетках і агародах вяскоўцаў, а і на палетках аграсядзіб. Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў, і існуюць ў жывой традыцыі, дзякуючы ініцыятыве мясцовай суполкі і мясцовых жанчын - удзельніц фальклорна-аўтэнтычнага ансамбля “Астранка”.
Жанчыны загадзя дамаўляюцца, калі і дзе збіраюцца. Ідуць праз ўсю вёску да ракі Асцёр моўчкі. Звярнуўшы з дарогі на вузкую сцяжынку што вядзе да ракі, пачынаюць спяваць абрадавую песню. Падышоўшы да берага, у строгай паслядоўнасці робяць рытуальныя дзеянні, што спакон веку рабілі іх продкі: распранаюцца, чытаюць малітву “Ойча наш”, пасягаюць небу і просяць дапамогі у вышэйшых сіл. Заходзячы ў ваду, хрысцяцца і пад гукі абрадавай песні тройчы пачынаюць араць дно ракі плугам. Па заканчэнні абраду, жанчыны выходзяць на бераг ракі, чытаюць малітоўны зварот, хрысцяцца, апранаюцца і ідуць дадому. Дождж пачынае ісці прыкладна праз пару гадзін ці на наступны дзень. Абрад мае строгую рэгламентацыю адносна ўдзелу, паколькі, на думку носьбітаў, прысутнасць на абрадзе “чужых” альбо мужчын, можа негатыўна сказацца на рытуальных дзеяннях і іх выніках.