зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Абрадавая дзея “Мыццё барод”

Абрадавая дзея “Мыццё барод”

Змест

Звесткі аб каштоўнасці

Шыфр

23БЛ000126

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Віцебская вобласць, Полацкі раён, аг. Блізніца; Віцебская вобласць, Полацкі раён, в. Мураўшчына

Апісанне

Сямейна-родавы абрад Хрэсьбіны – адна са старадаўніх сямейных урачыстасцяў, звязаных з нараджэннем дзіцяці, якая суправаджаецца шэрагам рытуальных дзеянняў, накіраваных на яго сацыяльнае зацвярджэнне ў калектыве і надзяленне здароўем і добрай доляй. Пасля народзін, бацькі хацелі пахрысціць дзіця як мага хутчэй, бо ў поле трэба хадзіць, работу рабіць, а нехрышчонае дзіця нельга на вуліцу насіць. У дзень хрышчэння бабка-павітуха выносіла нованароджанага і, аддаючы яго кумам, гаварыла: ”Даю Вам нехрышчонае, а прывязіце нам пасвяшчонае!“. Вярнуўшыся пасля царквы, кумы аб’яўлялі імя нованароджанага дзіцяці, перадавалі яго бацькам, пры гэтым кум казаў: ”Прыміце дзіця вамі нараджонае, а намі пахрышчонае“, а кума:  ”Даў Бог убачыць пад хрыстом, каб даў Бог убачыць і пад вянцом“. Бабка-павітуха забірала дзіця, а бацькі запрашалі кумоў і гасцей да святочнага хрэсьбіннага стала. Пачыналася хрэсьбіннае застолле, падчас якога шмат не выпівалі, а больш весяліліся: спявалі абрадавыя песні, танчылі, жартавалі з кумоў, праводзілі рытуальныя і абрадавыя дзеянні. 

Абавязковым элементам хрэсьбін на Полаччыне быў збор грошай ”на мыла“ для нованароджанага, які ўвасобіўся ў арыгінальны рытуал ”Мыццё барод“. Збіранне грошай ”на мыла“ (на падарунак)  – універсальная форма любой абменнай практыкі ў традыцыйнай культуры і самы зручны варыянт дапамогі маладой сям’і сёння. Унікальнасць абрадавай дзеі заключаецца ў зборы грошай для малога не праз дзяленне кашы (як у большасці рэгіёнаў Беларусі), а праз сімвалічную плату за ”мыццё барод“. Абрадавая дзея ”мыццё барод“ адбывалася бліжэй да канца хрэсьбіннага застолля, пасля воклічу Кумы пра тое, што ”нарадзіўся маленькі, хоча мыцца бяленька, а каб яго пакупаць, трэба на мыла сабраць“. Хтосьці з найбольш ініцыятыўных ці гаваркіх жанчын  (2-3 чалавека) хуценька браў неабходны рэквізіт для правядзення ”мыцця барод“ (міску з вадой, жасцяную тарку альбо драўляную трэсачку, ці ножык каб ”брыць і галіць бароды“, адэкалон,  бурак, памаду, драўляныя граблі ў якасці грэбня, памазок зроблены з жытніх каласоў). Жачыны падыходзілі да кожнага з гасцей з песняй і прапанавалі памыць, пагаліць, навесці прыгажосць, каб і нованароджаны рос чысценькім, здаровенькім і прыгожым. Мужчынам таркай альбо драўлянай трэсачкай ”брылі\галілі бароды“, брызгалі адэкалонам, прычосывалі, а жанчынам – падкрашывалі вусны губной памадай, шчокі румянілі бураком альбо памадай, прыпудрывалі, бровы мазалі галавешкай. У якасці люстэрка скарыстоўвалася заслонка з печы альбо днішча з вядра. Некаторыя госці мусілі адкупіцца, прапанавалі даць больш грошай ”на мыла“, але большая частка з задавальненнем падстаўляла свае твары для гэтага рытуала. Такім чынам, жанчыны з песняй абыходзілі вакол хрэсьбіннага стала,  пакуль усе прысутныя не пакладуць грошы ”на мыла“ для немаўляткі.

Сцэнкі ”брыцця/ галення барод“ адбываліся з жартамі, весялосцю, без крыўд. Гэта азначала, што кожны госць даваў грошы ”на мыла“ з самымі добрымі намерамі, ад душы. Працягласць рытуальнай дзеі залежала ад колькасці гасцей і займала нейкі час.  Пасля таго, як ”бароды памылі і пагалілі“, Кум казаў: ”Вось сабралі мы на мыла, каб хрэснічак наш мыўся бяленька, каб рос здаровенькі. Жадаем бацькам, каб было ўвесь час на стале, ў місцы, ў калысцы, каб дзетак напладзілі і нагадавалі“. Сабраныя грошы аддавалі маці, а яна гэтыя грошы клала маленькаму пад падушачку, каб ня быў бедны. Пасля гэта бацька запрашаў пачаставацца і выпіць за здароўе кумоў, дзякаваў кумам, што не адмовіліся стаць хроснымі для іх дзіцяці (хаця кажуць у нас, што адмаўляцца нельга, гэта насупраць прыдавала павагі на вёсцы, што цябе бралі ў кумы). Прысутныя спявалі песні пра кумоў, жартавалі над імі. Пасля песень нехта казаў: – ”А давайце лепш патанчым, а то засядзеліся“. Хрэсьбіны працягваліся. 

Абрад ”мыцця барод“ адносіцца да рытуалаў сацыяльнага прызнання, галоўнай функцыяй якіх было зацвярджэнне сям’ёй, родам свайго новага члена. Калектыў, набываючы новага чалавечка, умацоўваўся як сацыяльнае аб’яднанне, а дзіця атрымлівала зададзеную традыцыямі яго продкаў жыццёвую праграму. Зыходзячы з таго што немаўля асабліва баіцца злога вока і любых нядобрых уплываў, прастора вакол яго павінна быць па магчымасці чыстай, спрыяльнай, пазбаўленай бруду, залішняй калматасці і неахайнасці. Усе навакольныя мусяць адпавядаць патрабаванай для дзіцяткі якасці ”хадзіць бяленька“, для чаго калектыў і збіраў грошы ”на мыла“.

Старонка