зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Абрады і звычаі свята Пятрок

Шыфр

63АК000142

Месца знаходжання

Мінская вобласць, Любанскі раён, в. Шыпілавічы

Апісанне

Свята Пятрок уяўляе сабой комплекс абрадавых дзей і праяў з традыцыйнай культуры, якія бытавалі ў вёсках Шыпілавічы, Обчын, Жораўка, Залуг, Рачэнь, Кузьмічы, Баянічы Любанскага раёна, а сёння складаюць аснову адноўленага свята Пятрок у в. Шыпілавічы.
Асноўнымі кампанентамі падрыхтоўкі і святкавання з’яўляюцца:
    абрадавыя дзеі свята Пятрок (абраканне, карагоды, замаўленне вагню, кумленне моладзі, грамадская юшка і іншыя);
    гасцявы кірмаш на Петрака у вёсцы Шыпілавічы як увасабленне традыцыі гасцявых кірмашоў на Любаншчыне;
    святочны праваслаўны малебен ля прыдарожнага крыжа;
    практыка вырабу і нашэння традыцыйных беларускіх строяў;
    традыцыйныя вясковыя танцавальныя вечарынкі;
    народнае музычна-інструментальнае выканальніцтва;
    а таксама
    культура міжасабовых стасункаў у кантэксце народнага свята;
    спалучэнне традыцый народнай і хрысціянскай праваслаўнай культуры;
    практыка пераемнасці традыцыйнага спеўнага мастацтва;
    практыка пераемнасці танцавальных традыцый;
    арганізацыя адпачынку  моладзі на аснове традыцыйнай культуры;
    уключэнне ў вясковы лад жыцця праз далучэнне да гаспадарчых заняткаў (жніво, касьба, выпечка хлеба і іншыя);
    навучанне экалагічнасці народнай культуры;
    сучасная клубная практыка арганізацыі народных святаў.
На працягу 16 гадоў (з 2007 г.) практычнага аднаўлення кансультантамі святочных дзей былі непасрэдныя ўдзельнікі даўніх святкаванняў. Яны падцвердзілі лагічннасць сучаснага парадку святкавання.
Свята Пятрок адзначаецца  12 ліпеня, і супадае з днём святых Пятра і Паўла ў праваслаўным хрысціянскім календары. Святы Пётр у народзе з’яўляецца адным з самых шанаваных святых нароўні з архангелам Міхаілам і святым Мікалаем.
Свята Пятрок здаўна з’яўлялася на Любаншчыне асноўным святам летняга каляндарна-абрадавага цыклу, фактычна, замяшчаючы сабой Купалле. Да сённяшняга дня высока шануецца мясцовымі жыхарамі. Пятроўскія святкаванні фіксуюцца толькі ў дадзеным рэгіёне. На свята збіраюцца пераважна жыхары вёскі Шыпілавічы, іх сваякі, госці з іншых вёсак і рэгіёнаў.
Распачынае чараду пятроўскіх абрадаў малебен ля крыжа, які з даўніх часоў быў “прыпісаны” да вёскі. Пасля таго як царква была разбураная ў даваенны час, гэты малебен застаўся асноўнай праявай хрысціянскай традыцыі і значнай падзеяй для мясцовых вернікаў.
Святочны кірмаш, выдатны прыклад традыцый Любанскіх гасцявых кірмашоў, ладзіцца адразу пасля малебна ў спалучэнні з святам вёскі. Свята вёскі існуе ў выглядзе працяглага і насычанага канцэрта ля клуба, на якім выступаюць творчыя калектывы Любанскага раёна і госці свята.
Традыцыя абраканняў на Пятра, з’яўляецца інтымнай, індывідуальнай справай, і таму час яе правядзення не рэгламентуецца. Госці свята могуць далучыцца да сумеснай вандроўкі на бераг старога рэчышча ракі Арэсы, паслухаць расповяд пра мясцовыя тапонімы, былую царкву і здзейсніць абраканне.
Вечарам жанчыны водзяць карагоды з пятроўскімі песнямі па вёсцы, падчас якіх мінакам дастаюцца зычэнні і заклікі далучацца да супольнага святкавання.  Пасля сустрэчы ўсіх карагодаў, жанчыны замаўляюць агонь, чытаюць замову на добры ўраджай, а моладзь скача праз вогнішча падчас “кумлення”, праводзіць звычай “спальвання шапак”. На асобным вогнішчы гатуюць супольную юшку па рэцэпце Любові Зезетка. Песні, гульні і танцы пад жывую традыцыйную музыку доўжацца да позняй ночы.
Часта  жыхары вёскі раскладаюць вогнішчы ўвечары ля сваіх двароў, каб больш вузкім колам  працягнуць свята. Некаторыя сем’і гатуюць юшку, аддаючы даніну павагі мясцовай традыцыі.  
Каштоўным падрыхтоўчым этапам да Петрака стаў рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца”, які ўключае ў сябе школу традыцыйнага танца, спеўныя заняткі, сустрэчы з носьбітамі традыцыйнай культуры і шмат іншага.