Шыфр
112Г000544
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1786 г.
Стыль
Барока
Апісанне
Свята-Варварынская царква будавалася як касцёл мужчынскага бернардзінскага кляштара.
Касцёл ордэна бернардзінцаў у Пінску быў фундаваны 16 студзеня 1705 г. вялікім канцлерам літоўскім Міхаілам і Кацярынай з Карыбутаў Вішнявецкімі. Драўляны касцёл св. Міхаіла Архангела з кляштарам для манахаў бернардзінцаў у прадмесці Пінска Каралін быў пабудаваны да 1717 г. У 1770-1786 г. замест драўлянага ўзведзены мураваны касцёл, асвячоны 13 студзеня 1787 г. пад тым жа тытулам Архангела Міхаіла. Пінскі бернардзінскі касцёл адносіцца да найбольш позніх касцёлаў гэтага ордэна, пабудаваных у Беларусі.
У 1832 г. кляштар бернардзінцаў скасавалі. Пазней касцёл перарабілі ў праваслаўную царкву, а будынкі былога бернардзінскага кляштара былі перададзены ў 1857 г. пінскаму Свята-Варварынскаму жаночаму манастыру, заснаванаму ў 1520 г.
У 1867 г. быў праведзены рамонт царквы, які паўплываў на яе знешні выгляд. У 1867 г. быў зменены дах царквы, па-першае, паніжаны, ён стаў больш пакатым, па-другое, замест дахоўкі пакрыты ліставым жалезам. Над дахам узвялі невялікі купал на глухім барабане, абшытым бляхай.
Пазней, дакладна дакументальна не ўстаноўлена, на ніжнім ярусе бакавых фасадаў царквы былі прабіты прамавугольныя аконныя праёмы. У Вялікую Айчынную вайну будынак царквы ацалеў. Згодна з актам абследавання ў 1945 г., царква знаходзілася ў добрым стане. У акце згаданы роспіс у алтарнай частцы, які таксама быў у здавальняючым стане. У 1950-я гады былі замураваны вокны падвала на паўночным бакавым фасадзе, а таксама выхад з падвала ў сакрысцію. У 2010-2012 г. праведзены рамонт фасадаў.