Шыфр
712Г000147
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1930 - 1933 гг.
Стыль
Канструктывізм
Апісанне
Дом Урада - буйнейшае грамадзянскае збудаванне рэспублікі даваеннага часу. Па сваім ідэйна-эстэтычным і горадабудаўнічым значэнні ён перарастае рамкі звычайнага адміністрацыйнага збудавання. У ім выяўляюцца такія рысы савецкай архітэктуры як дэмакратызм, функцыянальная праўдзівасць, прастата і яснасць кампазіцыйных форм. Будынак мае складаную ў плане канфiгурацыю. У аб'ёмна-прасторавай кампазiцыi выкарыстаны прыём паступовага нарастання сiметрычных рознавышынных аб'ёмаў пры наблiжэннi iх да цэнтра, што надае сілуэту будынка дынамічнасць. Цэнтральная дзевяцiпавярховая частка заглыблена i фланкiравана бакавымi крыламi, якiя паступова панiжаюцца да пяцi паверхаў і ўтвараюць курданёр (100х50 м). Да тыльнага фасада цэнтральнай часткі прымыкае аб'ём залы пасяджэнняў, перакрыты сферычным купалам на барабане. У дэкоры фасадаў выкарыстана вертыкальнае чляненне -- лапаткі простага профілю. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя розныя па вышыні аконныя праёмы. Інтэр'еры вылучаюцца прастатой планіроўкі і функцыянальнай арганізацыяй унутранай прасторы. Архітэктар прымаў самы непасрэдны ўдзел у будаўніцтве, праводзячы шмат часу на будаўнічай пляцоўцы. У працэсе будаўніцтва ён уносіў карэктывы, удасканальваў прынятыя рашэнні. Магчымасці і наяўнасць будаўнічых матэрыялаў у Беларусі былі даволі абмежаваныя. Улічваючы гэту акалічнасць, І. Лангбард імкнуўся выявіць урачыстую манументальнасць збудавання не за кошт дарагіх матэрыялаў, а дасягнуць выразнасці ў цэгле і тынкоўцы, выкарыстоўваючы кампазіцыйныя прыёмы і дасканалую прапрацоўку дэталяў. Ва ўнутраннай апрацоўцы парадных памяшканняў - вестыбюля, залы пасяджэнняў і фае, канферэнц-залаў - прынялі ўдзел мастакі, скульптары і майстры прыкладнога мастацтва. У зале пасяджэнняў і фае скульптарамі А. Бембелем, В. Рытэрам і Г. Ізмайлавым было выканана некалькі шматфігурных рэльефаў на тэмы рэвалюцыйнай барацьбы і сацыяльнага будаўніцтва. Перад адступленнем нямецка-фашысцкія захопнікі падрыхтавалі будынак да ўзрыву. Аднак імклівае наступленне савецкіх войск не дазволіла здзейсніць іх планы і ўратавала будынак.