Шыфр
712Г000017
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1825 год
Стыль
неаготыка
Апісанне
Архітэктурны комплекс складаецца з двух асобных будынкаў: рэжымна-бытавога корпуса № 1 і адміністрацыйнага корпуса (былы дом наглядчыка), якія адносяцца да аднаго будаўнічага перыяду.
Рэжымна-бытавы корпус уяўляе сабой трохпавярховае з падвалам прамавугольнае ў плане збудаванне, фланкіраванае на кутах чатырма круглымi вежамi. Будынак накрыты чатырохсхільным вальмавым пакатым дахам. Вежы накрыты нізкімі шатровымі дахамі, дэкарыраваны ў завяршэнні зубцамі над шматслойным карнізам. Пад карнізам праходзіць пояс дэкаратыўных кансоляў. Фасады патынкаваны і пафарбаваны. Плоскасці сцен вежаў члянёны невялікімі вокнамі рознай формы і аформлены конхавымі нішамі. Сцены будынка прарэзаны маленькімі лучковымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі без дэкору. Паміж 2-м і 3-м паверхамі падзелены шматслойным карнізным поясам. Галоўны ўваход вылучаны стылізаваным барбаканам, завершаным зубцамі. Будынак абнесены высокай мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі.
Адміністрацыйны корпус (былы дом наглядчыка) знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы сцяны. Уяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў плане аб'ём. Да яго прыбудаваны больш познія крылы. Галоўны фасад падзелены на 2 ярусы, завершаны трохвугольным франтонам. Ніжні ярус у цэнтры з шырокай праезнай аркай апрацаваны рустам. Праём аркі акцэнтаваны руставаным абрамленнем. Прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны сандрыкамі з замковым каменем. Фасадная плоскасць на другім паверсе гладка пратынкаваная, прарэзана 7-ю прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Завершаны фасад карнізам на дэкаратыўных кранштэйнах. Скразны праезд вядзе на ўнутраны двор. З боку двара фасад будынка гладка патынкаваны, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі без дэкору. Над праездам размешчана арачная фрамуга. На фасадах маюцца сляды пазнейшых пераробак, якія ў пэўнай ступені сказілі першапачатковы выгляд будынка.
Вядома, што ў мінскай турме адбывалі заключэнне беларускія пісьменнікі: В. Дунін-Марцінкевіч (1864-1865), Якуб Колас (1908-1911), Карусь Каганец (1905-1906 і 1910-1911), Алесь Гарун (1907).