Шыфр
711Е000001_2_16А
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
I палова XIX ст.
Стыль
Эклектыка
Апісанне
Будынак размешчаны ў гістарычным цэнтры г. Мінска, у квартале, які прымыкае да Верхняга горада. Фарміруе гістарычную забудову вул. Рэвалюцыйнай.
Будынак пад сучасным № 9 мае складаную гісторыю фарміравання. У яго склад уваходзяць некалькі розначасовых аб'ёмаў. Аснову будынка № 9 складаюць два дамы ХІХ ст., узведзеныя на двух сумежных участках.
Дакладная дата будаўніцтва дома, што складае правую (паўднёва-заходнюю) частку трохпавярховага крыла па вул. Рэвалюцыйнай, не выяўлена, але па некаторых ускосных дадзеных можна лічыць, што мураваны будынак існаваў яшчэ да пажару 1865 г. Жылы дом быў трапецападобны ў плане, трохпавярховы накрыты двухсхільным дахам. У цэнтры дома знаходзілася праезная арка. Акрамя жылога дома, на ўчастку існавалі змешаны гаспадарчы будынак і мураваны двухпавярховы флігель. У 1922 г. домаўладанне было муніцыпалізавана. У Вялікую Айчынную вайну жылы дом быў пашкоджаны. На плане Мінска 1948 г. пазначаны як трохпавярховая каробка. У адноўленым будынку ў пасляваенны час размясцілася трыкатажнае атэлье, з 2000 г. - адміністрацыйны будынак. У 2011 г. будынак рэканструяваны з рэстаўрацыяй фасадаў.
Левая (паўночна-ўсходняя) частка трохпавярховага будынка № 9 была пабудавана ў першай палове ХІХ ст. Згодна вопісу 1843 г. гэта быў быў мураваны двухпавярховы жылы дом, крыты гонтай. На першым паверсе пералічаны 9 пакояў, 2 кухні, на другім паверсе - 8 пакояў, адны сені, кухня з варыўнай печкай, у пакоях знаходзіліся галандскія печы, абліцаваныя "калярованнай" кафляй, і адзін камін. На паддашы меліся 3 пакоі, кожны на адно акно, адна варыўная печка. Пад домам існаваў мураваны склеп.
У канцы ХІХ ст. гэта быў ужо мураваны 3-павярховы дом з мураванай гаспадарчай пабудовай у двары. Па звестках на 1910 г. у трохпавярховым доме, які выходзіў фасадам на вул. Рэвалюцыйную, знаходзілася гасцініца, крама гадзіннікаў, бакалейная крама. У 1922 г. домаўладанне было муніцыпалізавана. У Вялікую Айчынную вайну каробка будынка захавалася. Пад час рэканструкцыі частка дома (правая палова ад праезнай аркі) была далучана да сумежнага вышэйзгаданага дома. Аб'яднаныя пад адным № 9 дамы прыстасавалі пад трыкатажнае атэлье.