зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Будынак

Будынак

Змест

Звесткі аб каштоўнасці

Шыфр

712Г000228

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

1903 г.

Стыль

мадэрн

Апісанне

Тэрыторыя квартала, у якім размешчаны будынак №14, пачала інтэнсіўна асвойвацца ў другой палове 19 ст. У першую чаргу гэтаму паспрыяла будаўніцтва ў 1871 г. Маскоўска-Брэсцкай і ў 1873 г. Лібава-Роменскай чыгункі. Паводле адміністрацыйна-паліцэйскага падзелу г. Мінска ў пачатку 20 ст. квартал атрымаў № 167. Участак з домам № 14 меў парадкавы № 5. Яго ўладальнікамі паслядоўна з'яўляліся Яніцкі Оскар Канстанцінавіч, затым Прашынскі Канстанцін Канстанцінавіч, апошнімі былі Кагановічы Ёсель Бенцыянаў і Цэля Хаямаўна. Згодна з архіўным дакументам, забудова ўчастка была ажыццёўлена К. Прашынскім. У 1903 г. на ўчастку быў пабудаваны мураваны трохпавярховы дом. На жаль, праект дома ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва не выяўлены. Галоўным фасадам будынак выходзіў на вул. Захар'еўскую (сучасная вул. Савецкая). З правага боку ад будынка існаваў вузкі праезд у двор. За домам у двары стаялі драўляны дом, пабудаваны ў 1898 г., мураваны гаспадарчы будынак, пабудаваны ў 1906 г., і тры драўляныя гаспадарчыя пабудовы 1902, 1903 і 1905 гадоў будаўніцтва. У канцы ўчастка размяшчаўся сад. Мураваны трохпавярховы з падвалам будынак меў складаную канфігурацыю ў плане. Яго памеры складалі 36х9 + 33х9 + 30х12 + 27х9 + 15х12 і вышыня 20 аршын (аршын = 0,7112 м) . Па звестках на 1910 г. на першым паверсе 7-пакаёвую кватэру з кухняй і прыхожай (плошчай 414 кв. арш.) займаў віцэ-губернатар Мяжанаў-Каютаў. Другую 5-пакаёвую кватэру з кухняй і прыхожай (плошчай 444 кв. арш.) займаў натырыус Шчарбакоў. 

Трохпавярховы з мансардным паверхам складаны ў плане будынак. Фасады часткова патынкаваны, часткова захавана цагляная муроўка, архітэктурны дэкор выкананы ў тынкоўцы і вылучаны белым колерам на фоне чырвона-цагляных сцен. Пластыка галоўнага фасада выразная, насычана шматлікімі вертыкальнымі і гарызантальнымі чляненнямі. Першы паверх аддзелены цягай, трактаваны як цокальны, апрацаваны буйным гарызантальным рустам. У цэнтры размешчаны дзвярны праёмі галоўнага ўвахода. Прамавугольныя вузкія аконныя праёмы ў кожным крыле згрупаваны па тры ў цэнтры і па два па баках, дэкарыраваны фігурнымі падаконнымі нішамі. На другім паверсе над уваходам размешчаны шырокі скруглены балкон з ажурнай рашоткай. Праём балконных дзвярэй аформлены руставаным абрамленнем. Фасадная сцяна 2-3-га паверхаў раскрапавана лапаткамі, прарэзана прамавугольнымі вузкімі і высокімі аконнымі праёмамі, аформленымі абрамленнямі, падаконныя прасценкі аздоблены дэкаратыўнымі элементамі. Сіметрычна на 2-м і 3-м паверхах размешчаны балконы з ажурнымі рашоткамі. Завершаны фасад развітым карнізам. 

Старонка