зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Будынак

Шыфр

712Г000269

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

1930 - 1934 гг.

Стыль

Канструктывізм

Апісанне

Будынак былой бібліятэкі вылучаецца ў забудове г. Мінска сваім арыгінальным аб'ёмна-прасторавым рашэннем. Акрамя таго, гэта было першае ў савецкай рэспубліцы спецыяльнае збудаванне для бібліятэкі. Аўтарам праекта быў архітэктар Г. Лаўроў, яго сааўтарам архітэктар Г. Жалткевіч. У час акупацыі Мінска нямецка-фашысцкімі захопнікамі інтэр'ер бібліятэкі быў значна пашкоджаны, знішчана абсталяванне. Да канца 1940-х гг. бібліятэка была адноўлена, пры гэтым замураваны многія вокны, зроблена некаторая перапланіроўка. У пасляваенны час комплекс бібліятэкі быў пашыраны. У 1961 г. пабудаваны другі корпус (па вуліцы Кірава) - пяціпавярховае кнігасховішча, у якім размясцілі і частку чытальных залаў. Архітэктурна ён не мае нічога агульнага з праектам Лаўрова, не вырашаны ў ім і асноўныя патрэбы кнігасховішча. У 1970 г. для аддзела мастацтва быў надбудаваны адзін паверх над левай часткай асноўнага корпуса (з унутранага двара). Па сваім інтэр'еры ён добра адпавядаў агульнаму рашэнню будынка - шмат прасторы, святла.

У наш час будынак Г. Лаўрова функцыянальна ўжо не задавальняў бібліятэку - ён не быў разлічаны на сучасныя патрэбы механізацыі бібліятэчных працэсаў, на такую вялікую плынь чытачоў і кніг. Мажліва, так сталася таму, што праект быў рэалізаваны не цалкам, не быў пабудаваны будынак вышыннага кнігасховішча. У 2010 - 2012 гг. будынак рэканструяваны з прыстасаваннем пад адміністрацыйны. Пры гэтым былі рэстаўраваны фасады.

Будынак трохпавярховы з падвалам складанай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, якая заснавана на спалучэнні простых геаметрычных форм. Дах пакаты вальмавы. Фасады патынкаваныя, пазбаўленыя дэкору. На фасадах, арыентаваных на вуліцу, тынкоўка фактурная, на дваровых гладкая. Выразнасць фасадаў дасягаецца спалучэннем плоскіх сцен з вялікімі зашклёнымі паверхнямі. Галоўны фасад будынка вылучаны навіслым паўкруглым аб'ёмам, які падтрымліваюць чатырохгранныя слупы, размешчаныя вакол зашклёнага эркера. Завершаны фасады карнізам. Тарцовы фасад крыла па вул. Кірава завершаны глухой атыкавай сценкай. У інтэр'еры захавалася металічная агароджа цэнтральнай лесвіцы.