Шыфр
713Г000290
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1947 г. - 1953 г.
Апісанне
Будынак па вул. Свярдлова, 26 уваходзіць у склад забудовы квартала Прывакзальнай плошчы. Эскізны праект забудовы жылымі дамамі двух кварталаў Прывакзальнай плошчы быў распрацаваны архітэктарамі і інжынерамі Дзяржаўных архітэктурных майстэрняў Камітэта па справах архітэктуры пры СМ СССР (г. Масква) Л. Галубоўскім, А. Карабельнікавым, В. Герашчанкам, Л. Усавай пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта Акадэміі архітэктуры СССР Б.Р. Рубаненкі.
Будынак №26 чатырохавярховы Г-падобны ў плане са зрэзаным вуглом. Крыло па вул. Свярдлова даўжэйшае за крыло па вул. Ульянаўскай. Тарцовыя крылы размешчаны з водступам ад чырвонай лініі забудовы. Прычым, тарцовае крыло па вул. Свярдлова на адзін паверх вышэйшае (пяціпавярховае) і мае на даху балюстраду. Да яго прымыкае ўстаўка з аркай праезда ў двор. Цэнтральная частка фасада па вул. Свярдлова вылучана шчытом. На 4-м паверсе пад шчытом размешчаны заглыблены ў арачную нішу балкон. Верх нішы абрамляе шырокая паласа ляпнога дэкору з медальёнаў з пяціканцовай зоркай і снапоў, якія рытмічна чаргуюцца. Цэнтральны ўваходны прамавугольны праём акаймаваны вузкай паласой ляпнога дэкору. Архітэктурны стыль будынка можна вызначыць як пераходны ад постканструктывізму да гістарызму савецкага перыяду, што вельмі добра прачытваецца нават у кантэксце ансамбля, часткай якога ён з'яўляецца. Трэба адзначыць, што ансамбль першага квартала Прывакзальнай плошчы ўспрымаецца вельмі прадуманым, паслядоўным, усе будынкі ў яго складзе гарманічна ўзаемазвязаны, з'яўляюцца як бы працягам адзін другога. Абодва кварталы Прывакзальнай плошчы уяўляюць сабой першы вопыт стварэння ў сталіцы Беларусі і аднаго з першых у Еўропе мікрараёна.