Шыфр
713Г000323
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1930 - 1940 гг.
Апісанне
Будынак – узор жылога дома канца 1940-х – пачатку 1950-х гадоў з умераным выкарыстаннем ордэрнай пластыкі. На працягу эксплуатацыі будынка значных перабудоў не адбывалася. У цэлым фасады захавалі свой першапачатковы выгляд. Выключэнне складае пераробка аконнага праёма ў дзвярны ў цокалі злева ад праезда, частковая замена аконных і дзвярных сталярных вырабаў, страта металічных варот у праёме праезда. Чатырохпавярховы з паўпадвалам прамавугольны ў плане будынак. Фасады патынкаваныя і пафарбаваныя. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтры фасада існуе праезд у двор. Цэнтальную частку фасада фланкіруюць трохгранныя эркеры на вышыню другога і трэцяга паверхаў. Эркеры завершаны балконамі чацвёртага паверха. Фасады эркераў падзелены цягамі. Аконныя праёмы звычайных памераў і на бакавых гранях вузкія аформлены прафіляванымі ліштвамі і падаконнымі неглыбокімі нішамі. Прамавугольныя дзвярныя праёмы балконаў над эркерамі вылучаны арачнымі прафіляванымі абрамленнямі. Фасадная сцяна над эркерамі вылучана лапаткамі, завершана прамымі атыкамі з пінаклямі па краях. На першым паверсе на адной восі з эркерамі размешчаны прамавугольныя дзвярныя праёмы ў прафіляваных ліштвах. Фасад падзелены міжпаверхавай цягай паміж першым і другім паверхамі, апрацаваны гарызантальным рустам. Прамавугольныя аконныя праёмы без дэкору, падкрэслены падаконнымі карнізнымі паяскамі. На флангах фасада на другім, трэцім і чацвёртым паверхах размешчаны балконы на шырыню аднаго дзвярнога праёма. У цэнтры фасада над праездам балконы на трэцім і чацвёртым паверсе на шырыню двух праёмаў. Балконныя рашоткі металічныя простага рысунка. Балконныя пліты падтрымліваюць кансолі. Вокны паўпадвальнага паверха замураваны акрамя аднаго, і адзін аконны праём перароблены ў дзвярны. Над праёмамі захаваліся замковыя камяні. Завершаны фасад разарваным карнізам. Па краю даху праходзіць металічны парапет нескладанага рысунка.