Шыфр
413Г000415
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, г. Навагрудак, пл. Леніна, 9
Датаванне
1900 г.
Апісанне
Будынак уваходзіць у склад гістарычнай забудовы, якая фарміруе паўночна-заходні бок былой Рыначнай плошчы (называлася таксама Гандлёвай плошчай, цяпер пл. Леніна). На плане цэнтральнай часткі Навагрудка 1817 г. на гэтым месцы паказана шчыльная драўляная забудова. План горада 1842 г. таксама фіксуе тут драўляныя пабудовы. Дакладная дата будаўніцтва мураванага дома ў пісьмовых крыніцах не выяўлена. Паводле тэхнічнага пашпарта на будынак, ён датуецца 1900 г. Па архітэктурна-стылістычных асаблівасцях будынак таксама можна аднесці да мяжы 19 - 20 ст. Пра першапачатковы выгляд дома сведчыць фатаздымак пачатку 20 ст., на якім прадстаўлена Рыначная плошча і на пярэднім плане забудова яе паўночна-заходняга боку. Дом быў аднапавярховы з мансардным паверхам. На першым паверсе фасадная сцяна была прарэзана пачаргова трыма аконнымі і двума дзвярнымі праёмамі. Да ўваходаў вялі высокія ганкі. Галоўны фасад завяршаўся трохвугольным франтонам. Яго тымпан быў прарэзаны трыма невялікімі аконнымі праёмамі мансарды і па кутах круглымі акенцамі. Цэнтральнае акно фланкіравалі стылізаваныя пілястры, аб'яднаныя зверху гірляндай у форме стылізаванай кветкі.
У дачыненні да будынка, на погляд даследчыка І. Трусава, цікавымі з'яўляюцца ўспаміны ананімнага аўтара ў польскім выданні "Pobudka" за 1914 г., у якіх апісваецца навагрудскі рынак: "Рынак мястэчка, абкружаны мураванымі дамамі са стылізаванымі барочнымі і рэнесанснымі фасадамі, з высокімі лесвіцамі, што вядуць з вуліцы ў партэр, ствараюць прыемнае ўражанне і з пункту гледжання архітэктуры з'яўляецца асаблівасцю свайго рода".Як можна меркаваць па фотаздымку 1934 г., на галоўным фасадзе адбыліся некаторыя змяненні. Так у прыватнасці, круглыя люкарны на франтоне былі перароблены ў паўцыркульныя. На фатаздымку добра бачны аконныя і дзвярныя праёмы, ліштвы, пілястры, лесвіцы. Так аконныя рамы мансарды былі падзелены на тры часткі, на першым паверсе, падобна, на пяць частак. На першым паверсе дзвярны праём з правага боку фасада быў шырэйшы за другі праём, размешчаны з левага боку фасада. Прамавугольныя аконныя праёмы па вышыні былі меншыя ў параўнанні з існуючымі цяпер. Будынак быў накрыты двухсхільным жалезным дахам. У Вялікую Айчынную вайну будынак не атрымаў моцных пашкоджанняў.