Шыфр
713Г000372
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1929
Стыль
канструктывізм
Апісанне
Будынак па вул. Кнорына, 1А будаваўся як павільён механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі для 1-ай Усебеларускай выставы сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Рашэнне аб арганізацыі 1-й Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасці было прынята пастановай ЦВК і СНК БССР ад 26.11.1927 і прымеркавана да дзесяцігоддзя вызвалення Беларусі ад белапалякаў і пяцігоддзя ажыццяўлення плана развіцця народнай гаспадаркі.
У 1929 - 1930 гг. на тэрыторыі 1-й Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасці былі пабудаваны 48 павільёнаў, з іх 10 - пастаянных. Толькі тры будынкі былі цагляныя: павільён механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, павільён Дзяржбуда і насосная станцыя. Дакладна не ўстаноўлена, хто менавіта праектаваў павільён механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, па ўскосных звестках аўтарам мог быць С.Гайдукевіч, альбо А.Дзянісаў. Пра павільён механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі ў тагачасных газетных артыкулах адзначалася, што ён "змешчаны на самым высокім месцы выстаўкі" і што "гэта досыць высокі і вялікі павільён прыгожа ўбраны знадворку". Тарцовы фасад двухпавярховага аб'ёму завяршаўся ступеньчатым атыкам. Павільён уключаў поўны комплекс тэхнікі. У натуральных умовах планавалася дэманстраваць прымяненне найбольш складаных машын у сельскай гаспадарцы. Дзяля гэтага каля павільёна спецыяльна быў адведзены ўчастак плошчай 20 га. Афармленне павільёна выканалі мастакі з Масквы, якія пабывалі на Лейпцыгскай выставе. Павільён механізацыі і электрыфікацыі прадназначаўся для машынавыпрабавальнай станцыі. З архіўнага дакумента вынікае, што "Беларуская машынавыпрабавальная станцыя", падпарадкаваная Беларускаму камітэту па стандартызацыі сельскагаспадарчых машын, пачала пераязджаць у павільён механізацыі ўжо ў ліпені 1930 г. У далейшым прадугледжвалася машынавыпрабавальнай станцыі надаць большыя функцыі для таго, каб яна была ператворана ў станцыю механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Пабудаваны ў 1929 - 1930 гг. для 1-й Усебеларускай выстаўкі павільён механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, у якім размясцілася машынавыпрабавальная станцыя навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, у 1936 г. быў рэканструяваны - над аднапавярховымі часткамі абапал былой залы выпрабаванняў надбудаваны другі паверх. У гады Вялікай Айчыннай вайны павільён захаваўся, пра ступень пашкоджанняў звестак не выяўлена. У пасляваенны час гэта тэрыторыя, на якой знаходзіўся былы павільён і іншыя драўляныя пабудовы інстытута, па-ранейшаму была выдзелена пад забудову Навукова-даследчаму інстытуту механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі АН БССР. На генплане ўчастка інстытута 1951 г. былы павільён па сваёй канфігурацыі адпавядае праектнаму. Будынак на плане пазначаны як існуючы мураваны двухпавярховы лабараторны корпус. Дакументацыя на рэканструкцыю будынка ў пасляваенны перыяд у БДАНТД адсутнічае. На фасадах будынка маюцца сляды пазнейшых пераробак. Часткова зменены аконныя праёмы, асобныя вокны і былыя вароты для заезду машын замураваны. Нягледзячы на пэўныя пераробкі, у цэлым будынак захаваў стылістычныя асаблівасці канструктывісцкай архітэктуры.