Шыфр
713Г000121
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1885 г.
Стыль
Эклектыка
Апісанне
Забудова вул. К. Маркса (да 1922 г. называлася Падгорнай) пачала фармавацца ў канцы 18 -- пачатку 19 ст. Першапачаткова дамы на вуліцы былі пераважна драўляныя, з другой паловы 19 ст. узводзяцца мураваныя. Па адміністрацыйна-паліцэйскаму дзяленню г. Мінска ў канцы 19 - пачатку 20 ст. участак, на якім размешчаны будынак пад сучасным адрасам вул. К. Маркса, 17, знаходзіўся ў 1-ай частцы ў 18-м квартале пад № 11. Вядома, што гэты ўчастак з драўляным домам і флігелем у 1876 г. набыў у заслаўскага мешчаніна Яна Сянкевіча Абрам Кантаровіч. У хуткім часе А. Кантаровіч прадаў пляц Лейбе Мускіну (Мушкіну). У Першую сусветную вайну, у 1914-1915 гг. будынак быў прыстасаваны пад 211-ы ваенны шпіталь. У гэтай сувязі быў праведзены рамонт: сцены і столі пафарбавалі клеявымі фарбамі, паставілі дашчаныя перагародкі, у перавязачнай паклалі лінолеум на падлогу, зрабілі новыя галандскія печы і ачагі для прыгатавання ежы, устанавілі ванны, клазеты, замянілі аконныя пераплёты. Наступны рамонт будынка праводзіўся ў 1929 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынкі былі пашкоджаны. У 1946-48 гг. двухпавярховая каробка дома № 17 была адноўлена з надбудовай трэцяга паверха як жылы дом МУС.