Шыфр
412Г000511
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
др. пал. XVIII ст.
Стыль
Барока
Апісанне
Аўстэрыя (вялікая карчма, уяўляла сабой комплекс будынкаў, у якіх спыняліся, харчаваліся і начавалі падарожныя) у Слоніме была пабудаваная пры палацы Слонімскага старосты М.К. Агінскага ў другой палове XVIII ст. Вуліца, на якой яна стаяла, праходзіла ад гандлёвай плошчы да канала і далей праз мост на яго другі бераг у Замосце.
Больш дакладна будаўніцтва слонімскай аўстэрыі можна аднесці да 1780-х гг., пра што сведчыць стылістыка яе фасадаў.
Аўстэрыя ўяўляла сабой двухпавярховы, прамавугольны ў плане мураваны будынак. Палова першага паверха была аддадзена пад сталовую-гасцёўню. Пад гэтай залай знаходзіліся скляпеністыя піўніцы. Да асноўнага будынка перпендыкулярна прымыкала Г-падобнае ў плане крыло, развітае ў двор, дзе размяшчаліся стайня, вазоўня і іншыя памяшканні гаспадарчага прызначэння. Уваход у вазоўню быў праз гасцёўню, што з'ялялася характэрным у XVIII ст. для вялікіх корчмаў у Беларусі.
У 1820 г. аўстэрыя перайшла ў казённае ведамства. З архіўных дакументаў вядома, што на першым паверсе размясціліся павятовае казначэйства і гарадскі магістрат, на другім - павятовы суд і дваранская апека. З гэтага часу будынак даволі часта рамантаваўся, што было звязана з частымі пажарамі ў цэнтры горада (1835, 1848 гг.).
У 1860 г. будынак набыў купец К. Буткоўскі. Ён адрамантаваў былую аўстэрыю і пабудаваў у двары паралельна вуліцы мураваны двухпавярховы гаспадарчы будынак. Чарговы пажар у 1875 г. у гэтай частцы горада зноў пашкодзіў будынак.
Пазней, вядома, што тут знаходзілася жаночая гімназія, заснаваная ў 1910 г. Верагодна, у 1920-я гг. над былым будынкам аўстэрыі быў надбудаваны трэці паверх, таму што на фатаздымку міжваеннага часу ён паказаны ўжо трохпавярховым.