Шыфр
412Г000469
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён, г. Свіслач, вул. Дзяржынскага, 3
Стыль
ампір
Апісанне
Вялікі і прыгожы будынак гімназіі, вырашаны ў стылі ампір, быў пабудаваны ў 1802-1803 гг. па праекце архітэктара Яна Шантара. Паводле пісьмовых крыніц, гімназія ў Свіслачы была заснавана па ініцыятыве дырэктара вучылішчаў Гродзенскай губерні Ю. Касакоўскага на сродкі ўладальніка мястэчка графа Вінцэнта Тышкевіча. Ён жа абавязваўся пабудаваць для гімназіі мураваны будынак. Свіслацкая гімназія мела статус губернскай, у ёй магла навучацца моладзь з Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гродзенскага паветаў. У гімназіі была створана вялікая бібліятэка, фізічны кабінет. У 1808 г. бібліятэка налічвала 889 тамоў разнастайнай літаратуры, прычым 550 з іх былі кнігамі з уласнага збору графа Тышкевіча.
Колькасць вучняў у асобныя гады дасягала 300 чалавек. Выхаванцамі Свіслацкай гімназіі былі: унікальны вучоны — арыенталіст акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук В.Кавалеўскі, прафесар Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі С.Горскі, выдатны польскі пісьменнік Ю. Крашэўскі, яго брат, таксама пісьменнік, Каэтан, кампазітар і мастак Н.Орда, арганізатары і ўдзельнікі паўстання 1830 - 1831 г.г. Л.Зянковіч, Р.Сухадольскі, В.Гельтман, кіраўнікі паўстання 1863 - 1864г.г. К.Каліноўскі, Р.Траўгут. У 1845 годзе Свіслацкая гімназія была пераведзена ў Шаўлі Ковенскай губерні. 3 1876 года ў будынку былой гімназіі была адкрыта настаўніцкая семінарыя, якая праіснавала да 1921 года. Мела 4 класы, знаходзілася на забеспячэнні казны і збораў на адукацыю. Сярод знакамітых выхаванцаў былі: беларускі пісьменнік, паэт К.Лейка, беларускі языказнаўца І.Бялькевіч, беларускі археолаг А.Каваленя, дзяржаўны дзеяч Беларусі П.Саевіч., былы народны камісар адукацыі БССР А.В.Баліцкі.