зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Будынак былой іешывы

Шыфр

612Г000072

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

1803 г. - 1806 г.

Стыль

Тыпавы прыклад яўрэйскай грамадзянскай архітэктуры

Апісанне

Паводле падання, ешыбот быў заснаваны па даручэнні Гаона, хоць ён быў створаны ў 1803 годзе, праз некалькі год пасля яго смерці. У гэты час у Вільні ўжо існавалі два ешыботы, аднак рабін Хаім вырашыў заснаваць новы. Магчыма таму, каб выйсці з-пад уплыву віленскай супольнай адміністрацыі, якая пакутавала на ўнутраныя разлады, і самае галоўнае, каб арганізаваць вывучэнне Талмуда ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі поглядамі.

Навучанне ў Валожынскім ешыбоце пачыналася з 10 вучняў, аднак вельмі хутка ён набыў вядомасць сярод яўрэйскага насельніцтва. Яго сталі настолька высока цаніць, што ваенны губернатар Віленскага краю ў 1812 годзе выдаў рабі Хаіму дакумент для абароны – загад усім вайсковым часцям расійскай арміі абараняць яго і студэнтаў і аказваць ім усялякую дапамогу. Тады там было ўжо 100 вучняў. Да гэтага часу ў Валожыне быў пабудаваны драўляны будынак ешыбота. Асноўныя лекцыі чыталі сам рабі Хаім, яго зяць рабі Хаім Гіллель Фрыд (?-1833), рабін з Гродна, а таксама яго сын рабі Іцхак (?-1849). Валожынскі ешыбот стаў адным з асноўных яўрэйскіх устаноў мікалаеўскай Расіі. Кіраўнік Валожынскага ешыбота разглядаўся ў гэты час расійскімі ўладамі як адзін з лідараў яўрэйства ўсёй Расійскай імперыі.

У красавіку 1858 года ешыбот быў зачынены па загадзе ўладаў на той падставе, што яго навучальныя планы не былі прадстаўленыя на зацвярджэнне ў Міністэрства адукацыі. Знакамітыя яўрэі з Вільні і Мінска накіравалі петыцыю уладам з просьбай дазволіць Валожынскаму ешыботу аднавіць працу з павагі да яе важнай ролі ў падрыхтоўцы выдатных рабінаў. Нягледзячы на ўсе намаганні яўрэяў, улады не адмянілі свайго рашэння. Але, як і ў 1824 годзе, рашэнні ўладаў не былі выкананыя. Ешыбот працягваў працаваць.

Вучыцца ў ешыбоце ехалі з Вялікабрытаніі, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперый, Злучаных Штатаў Амерыкі. 

Для вучняў быў распрацаваны распарадак дня. Малітва ў 8 раніцы, потым сняданак. Затым чытанне і тлумачэнне тыднёвага раздзела Торы рабінам ешыбота. Самастойныя заняткі з 10 раніцы да гадзіны дня, падчас якіх кіраўнік сачыў, каб ніхто не прапускаў гэтыя заняткі. Пасля былі лекцыя рабіна і абед.

Вучні вярталіся ў ешыбот да чатырох гадзін дня. Затым былі самастойныя заняткі да 10 вечара, малітва маарыў і вячэра. Нягледзячы на забарону, многія вярталіся ў ешыбот і вучыліся да поўначы. Яны спалі да трох гадзін ночы і затым працягвалі навучанне да раніцы.

У 1860-х гадах у яўрэйскай прэсе стала праяўляцца апазіцыя ешыботам. Крайнія змагары развіцця свецкай адукацыі патрабавалі іх зачыніць, іншыя крытыкавалі іх сістэму навучання і іе змест і жадалі ўвесці агульныя прадметы, як было прынята ў рабінскіх семінарыях у Германіі і ў заходніх краінах. У 1891 годзе міністр народнай асветы Расійскай імперыі зацвердзіў Правілы аб Валожынскім ешыбоце, згодна з якімі студэнты павінны былі з гэтага часу вывучаць не толькі Талмуд і крыніцы яўрэйскіх рэлігійных законаў,  але і рускую мову і арыфметыку ў аб’ёме курсу яўрэйскіх народных вучылішчаў. Кіраўнік ешыбота Нафталі Берлін не пагадзіўся з гэтыам, і ў 1892 годзе ўлады абвясцілі аб закрыцці ешыбота. Нафталі Берлін і студэнты ўстановы былі высланыя з Валожына.

У розны час у Валожынскім ешыбоце вучыліся некаторыя яўрэйскія пісьменнікі і паэты, у тым ліку Міха Йосеф Бердычэўскі (1865-1921) і Хаім Нахман Бялік (1873-1934), які захаваў атмасферу ешыбота ў паэме “Га-матмід” (Падзвіжнік).

У 1895 годзе ўрад дазволіў выкарыстоўваць будынак ешыбота ў якасці месца малітвы. Вучні зноў сабраліся і заклалі аснову для адраджэння ешыбота. Ён працягваў пашырацца і развівацца аж да Першай сусветнай вайны. Ад 1899 года рабін Рафаэль Шапіра быў яго кіраўніком. З набліжэннем франтавой паласы да Валожына заняткі спыніліся. Усе выкладчыкі і вучні разам з іншымі яўрэйскімі ўцекачамі з’ехалі ў Мінск.

Першая сусветная і следам за ёй грамадзянская война ў Расіі разбурылі соцыяльна-эканамічную аснову існавання соцен тысяч яўрэяў, якія займаліся гандлем сельскагаспадарчымі прадуктамі і пасрэдніцтвам паміж горадам і вёскай. Адным з самых цяжкіх наступстваў гэтых падзей стала звядзенне і распад яўрэйскага мястэчка.

Пасля Першай сусветнай вайны Валожын апынуўся ў складзе Польшчы. У міжваенны перыяд яўрэі па-ранейшаму былі значнай часткай жыхароў мястэчка. У 1921 годзе яны складалі 46% усіх жыхароў Валожына, у 1939 годзе - 33% ад усіх жыхароў.

Валожынскі ешыбот зноў быў адкрыты ў 1921 годзе і працягваў працываць да Другой сусветнай вайны. Аднак колькасць навучэнцаў у ім значна скарацілася. Яго узначальваў Якаў Шапіра (памёр у 1936 годзе), а затым яго зяць рабін Хаім Валкін. Ён загінуў у 1942 годзе разам з апошнімі 64 вучнямі ешыбота.