зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Будынак Нацыянальнага мастацкага музея

Шыфр

712Г000102

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

1957 г.

Стыль

Савецкі класіцызм

Апісанне

Будынак сучаснага Нацыянальнага мастацкага музея праектаваўся ў Белдзяржпраекце як Дзяржаўная карцінная галерэя. Аўтар праекта -- вядомы архітэктар М.І. Бакланаў. Сааўтарамі архітэктара М.І. Бакланава былі інжынеры Б. Шлосберг, Бароўскі, Гольсберг. Будаўніцтва было завершана ў 1957 г. Адначасова ў 1956-1958 гг. быў распрацаваны праект абсталявання мастацкага музея. Аўтарам праекта быў архітэктар Грубін Б. У мастацкім вобразе музея цесна перапляліся дзве тэмы - трыумф вялікай перамогі (урачыстасць і манументальнасць) і храма-сховішча мастацкіх скарбаў. Галоўны фасад уяўляе сабой сінтэз архітэктуры і скульптурнай пластыкі, перададзеных з высокай эстэтычнай выразнасцю. 

Галоўны фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтральны ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб'ёмы з глыбокімі дэкаратыўнымі нішамі, дзе размешчаны скульптурныя кампазіцыі. Тэматычныя скульптуры на галоўным фасадзе выкананы з бетону. Нішы, у якіх размяшчаюцца скульптуры, дэкарыраваны пілястрамі, карнізамі і трохвугольнымі сандрыкамі. Злева ад цэнтральнага ўваходу алегарычная фігура “Скульптура" (аўтары - Сяргей Адашкевіч і Павел Белавус), справа - алегарычная фігура "Жывапіс" (аўтары Марк і Лейба Раберманы). Франтон увянчаны скульптурай "Слава" - жанчына з вянком сімвалізуе росквіт выяўленчага мастацтва Беларусі (скульптар А. Бембель). У прэсе 1950-х часам яе называлі «Радзіма». Акрамя скульптуры на франтоне таксама можна ўбачыць невялікія рэльефы, прысвечаныя двум сюжэтам на тэму творчай здольнасці чалавека. Інтэр'ер параднай двухсвятловай аванзалы вырашаны манументальна, буйнамаштабна з вялікай вытанчанасцю, ён настройвае на ўрачысты лад, але ў той жа час спакойны і лаканічны. Выставачныя залы першага і другога паверхаў маюць анфіладную сістэму. Асаблівую ўвагу архітэктар надаў аздабленню інтэр'ераў залаў з класіцыстычнымі ляпнымі карнізамі двух тыпаў, якія чаргуюцца ў кожнай з залаў. Так у некаторых выставачных залах да афармлення карнізаў дадаюцца невялікія разеткі і канелюры, а ў іншых — шэраг дэнтыкул. Карэктна ўведзеныя архітэктурныя дэталі надаюць музейным інтэр'ерам параднасць і велічнасць.