Шыфр
713Г000113
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1901 г.
Апісанне
Будынак пабудаваны па зацверджаным гарадской управай у 1901 г. праекце на пляцы, які належаў дваранам Міхаілу і Канстанціну Ленскім. Вядома, што яны валодалі некалькімі ўчасткамі ў Мінску: пляцам насупраць па вул. Падгорнай і Серпухоўскай (будынак пад сучасным № 19 па вул. Валадарскага), пляцам з забудовай па вул. Крашчэнскай (будынкі № 29, 31 па вул. Інтэрнацыянальнай).
Трэба адзначыць, што будынак быў пабудаваны фактычна ў адпаведнасці з праектам, за выключэннем асобных архітэктурных дэталяў. Узведзены ў т.з. цагляным стылі, архітэктурны дэкор выкананы ў тэхніцы цаглянай муроўкі. Каля 1914 г. уладальнікам пляца і дома стаў купец Нохім Беркавіч Суцін. Вядома, што з 1908 г. гарадская ўправа арандавала ў доме для размяшчэння гарадскога паліцэйскага ўпраўлення ўвесь першы паверх, які складаўся з 7 пакояў, кухні і людской (так называўся вуглавы пакой), на верхнім паверсе 5 пакояў і падвальнае вуглавое памяшканне. У арандаваных пакоях знаходзіліся упраўленне, архіў, арыштанцкая, цэйхгаўз, казармы гарадавых. Паводле адраснага даведніка на 1911 г. у будынку таксама размяшчаліся павятовае паліцэйскае ўпраўленне, аддзяленне вышуку і адрасны стол. У лістападзе 1917 г. тут размясціліся Штаб мінскай гарадской міліцыі і крымінальнае аддзяленне.
У Вялікую Айчынную вайну будынак ацалеў. Захаваўся да нашага часу з нязначнымі стратамі першапачатковага вобліку.