Шыфр
412Г000027
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
XVI ст.
Апісанне
Будынак вядомы пад назвай "баторыеўка" і гісторыю яго ўзнікнення звязваюць з імем караля Стэфана Баторыя, які выбраў Гродна месцам жыхарства. Па версіі адных даследчыкаў, пасялiўшыся тут, кароль пачаў будаўнiцтва гарадской рэзiдэнцыi, якая выходзiла галоўным фасадам на рыначную плошчу. Паводле лiтаратурных крынiц, у год смерцi караля будынак не быў завершаны. Іншае тлумачэнне назвы выцякае з мясцовай легенды, што менавіта тут у снежні 1586 г. адбылося ўскрыццё цела Стэфана Баторыя.
На плане горада 1655 г. "баторыеўка" паказана Г-падобная ў плане, даволi вялiкiх памераў. Будынак неаднаразова пераходзiў да розных уладальнiкаў i перабудоўваўся. У 1717-1718 гг. "баторыеўка" разам з іншым палацам Сапегаў былі перабудаваны нямецкім архітэктарам І. Яўхам з мэтай правядзення ў іх сейма Рэчы Паспалітай. На час рэканструкцыі Старога замка пасля Паўночнай вайны будынак стаў рэзідэнцыяй караля саксонскай дынастыі Аўгуста ІІ. У 1765 г. нерухомасць набыў падканцлер Міхал Бжастоўскі. Нашчадкам Бжастоўскага "баторыеўка" належала да 30-х гадоў ХІХ ст.
У другой палове ХІХ ст. пасля рамонту тут размясцiлiся гарадское праўленне, прыватнае жыллё, крама. У пачатку ХХ ст. тут з боку плошчы на першым паверсе знаходзiліся магазін замежных він, прыватная гімназія Баркоўскай (у ёй у 1910-1912 гг. вучылася Людвіка Войцік, будучая пісьменніца Зоська Верас).
“Баторыеўка” была перабудавана пасля пажару 1885 г. Будынак фрагментарна сустракаецца на фотаздымках пачатку ХХ ст.
У выніку пасляваеннай рэканструкцыі быў перабудаваны першы паверх, страчаны балконы, зменены некаторыя архітэктурныя дэталі.
На сённяшні дзень гэта трохпавярховы з сутарэннямi будынак, прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. Фасады патынкаваныя. Галоўны фасад, арыентаваны на плошчу, і фасад з боку вул. К. Маркса вырашаны аднолькава. На першым паверсе прамавугольныя аконныя праёмы без дэкору. Прамавугольныя аконныя праёмы другога і трэцяга паверхаў дэкарыраваны абрамленнямі з прамымі сандрыкамі. Завершаны фасады карнізам. З боку двара паўднёвая большая частка будынка выступае за лінію фасада. Тарцовы паўднёвы фасад нетынкаваны, маюцца сляды разборак і перабудоў.