зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Былы гарадскі сад (Цэнтральны дзіцячы парк імя Горкага ў складзе: планіровачная структура, ландшафт, адміністрацыйны будынак, агароджа)

Апісанне

Парк пейзажнага тыпу з элементамi рэгулярнага. Планіровачная кампазіцыя старога саду, якая склалася гістарычна, пераважна захавалася. Аснову планіроўкі складаюць 3 прамыя алеі, перасечаныя ў розных кірунках дарожкамі і сцежкамі. Сучасныы Цэнтральны дзіцячы парк імя М.Горкага ў г. Мінску з'яўляецца помнікам гісторыі, архітэктуры і садова-паркавага мастацтва. Тэрыторыя, займаемая паркам, упершыню пазначана на плане Мінска 1801 г. На ўсходняй ускраіне горада выдзелены вялікі ўчастак, які прымыкае да ракі, з надпісам "Гарадскі сад". На другім праектным плане горада пачатку ХІХ ст. паказана планіроўка парку. Ён быў падзелены на дзве часткі ракой Свіслач. Асноўная частка парку размяшчалася на правым беразе. З двух бакоў яго тэрыторыя была абмежавана вуліцамі, якія атрымалі назву Захар'еўская і Паліцэйская (сучасныя пр. Незалежнасці і вул. Я. Купалы). Планавалася прарыць невялікі канал вакол штучнага вострава, узвесці мост цераз Свіслач і такім чынам злучыць правабярэжную і левабярэжную часткі парку, пракласці некалькі алей, якія разыходзіліся ад моста ў розныя бакі. Урачыстае адкрыццё новага парку адбылося 1 мая 1805 г. У канцы 19 ст. у развіцці парку назіраўся новы этап, адрозны ад папярэдняга. У гэты час усходняя яго мяжа дасягнула вул. Вясёлай (вул. Першамайская). У цэнтру парку быў пабудаваны летні гарадскі тэатр. У 1896 г. па хадайніцтву таварыства аматараў спорту было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў парку трэка. Акрамя таго на тэрыторыі парку быў выкапаны стаў, зімой яго прыстасоўвалі пад каток. У значнай ступені паспрыяла развіццю і добраўпарадкаванню парку размяшчэнне на яго тэрыторыі ў 1901 г. юбілейнай сельскагаспадарчай выставы. Для выставачных павільёнаў, запраектаваных інжынерам Г. Салаўёвым, была адведзена частка парку паміж алеяй, якая ішла ад вул. Падгорнай (вул. К. Маркса) да летняга тэатра, галоўнай алеяй, вул. Вясёлай (вул. Першамайская) і р. Свіслаччу. Сельскагаспадарчае таварыства за свае сродкі правяла некаторую рэканструкцыю планіроўкі парку і старых паркавых пабудоў. Паводле інвентарнага апісання 1910 г. на тэрыторыі парку вылучаліся зоны для правядзення культурна-масавых, спартыўных, відовішчных мерапрыемстваў. Гэта комплекс велатрэка і зімовага катка, летні тэатр, рэстаран. Планіровачная структура ў значнай ступені была падпарадкавана гэтаму функцыянальнаму падзелу тэрыторыі. У 1912 г. у парку была пабудавана аранжарэя.У 1920 г. мінскі гарадскі сад быў перайменаваны ў сад "Профінтэрн", а ў 1936 г. яму нададзена імя М. Горкага. Пасля апошняй вайны парк быў значна рэканструяваны. Яго тэрыторыю пашырылі да 28 га, далучыўшы тэрыторыю разбураных кварталаў паміж вул. Канюшэннай і Фрунзе. На гэтым участку захаваўся адзін мураваны аднапавярховы будынак пачатку 20 ст. Цяпер гэта адміністрацыйны будынак. З 1952 г. парк функцыянаваў як парк культуры і адпачынку, з 1960 г. - дзіцячы парк.