Шыфр
612Г000500
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1827 г.
Стыль
Класіцызм
Сноў па пісьмовых крыніцах вядомы з XVI ст. Упамінаецца ў маі 1529 г. як маёнтак паноў Сноўскіх у Навагрудскім ваяводстве ВКЛ. Некаторыя даследчыкі лічаць, што маёнтак уваходзіў у склад уладанняў Радзівілаў, затым належаў Гарыбурдам. У 1639 г. Ежы (Юрый) Гарыбурда прадаў ключ сноўскі Яну Гераніму Рдултоўскаму герба Драгаслаў.
Заснавальнікам сноўскай лініі роду быў Ян Багуслаў Рдултоўскі (1665 – 1744), кашталян навагрудскі, жанаты на Алене Ваньковіч. У спадчыну маёнтак дастаўся іх сыну Антонію Ежы (1700 – 1764), падваяводзе навагрудскаму, жанатаму на Юстыне Хлусевіч. Наступным уладальнікам сноўскага маёнтка стаў іх сын Ян Хрызастом Рдултоўскі (1735 – 1791), харунжы навагрудскі, кавалер ордэна св. Станіслава і баварскага ордэна Залатога Льва. Затым валодаў яго сын ад трэцяга шлюбу з Францішкай Ржавускай Казімір (1785 – 1855).
Сядзіба ў Снове пад назвай Дольны Сноў, якая захавалася да нашага часу, была створана, хутчэй за ўсё, Казімірам Рдултоўскім. Праўда, дакладная дата будаўніцтва сядзібнага дома невядома.
Сядзіба была сфарміравана на роўнай тэрасе невялікай рэчкі Сноўкі. Уключае партэр, пейзажны парк, абмежаваны па перыметры алеяй, на якую выводзіць цэнтральная трохрадная алея з ясеня і клёна. Да цэнтральнай параднай часткі з правага (паўднёвага) боку прымыкае вялікі вадаём, з левага быў пладовы сад з алеяй з ясеня і ліпы.
Кампазіцыйным цэнтрам сядзібы з’яўляецца мураваны палац з раскрытай франтальнай планіроўкай уздоўж адной папярочнай восі. Будынак складаецца з некалькіх розных па вышыні і форме карпусоў.
У цэнтральным корпусе на першым паверсе быў вялікі вестыбюль і салон з выхадам на тэрасу з боку парку. У двухпавярховым корпусе, размешчаным справа, з боку парку знаходзілася лесвічная клетка, з боку галоўнага фасада на першым паверсе мелася зала з дзвюма парамі калон, пастаўленых у цэнтры. Памяшканні на верхнім паверсе выкарыстоўваліся як жылыя і гасціныя. У аднапавярховым корпусе, што злучаў іх, з левага боку была бальная зала.
У Першую сусветную вайну палац атрымаў значныя пашкоджанні, і разам з паркам быў прададзены ў ў дзяржаўную казну.
У 1929 г. палац быў капітальна адрамантаваны пад кіраўніцтвам архітэктара Тадэвуша Навакоўскага і ў ім размясціўся пагранічны корпус (Korpus OchronyPogranicza). У адноўленым палацы знаходзіліся жылыя пакоі афіцэраў, канцылярыя і афіцэрскае казіно. Побач з палацам была пабудавана казарма.
У 1939 г. Сноў увайшоў у склад БССР. У Вялікую Айчынную вайну палац захаваўся.
Пасля вайны Сноўскі палац выкарыстоўваўся пад жыллё сем'яў афіцэраў і вольнанаёмных асобаў.
Вакол палаца захаваўся пейзажны парк у англійскім стылі. Галоўным акцэнтам парку быў стаў, размешчаны ў канцы сядзібы. Сетка каналаў утварала некалькі астраўкоў. Ад старых пасадак парку захаваліся адзіночныя ліпы, клёны, бярозы.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён