Шыфр
513Г000491
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Магілёўская вобласць, Магілёўскі раён, аг. Дашкаўка, с/с Дашкаўскі
Датаванне
пач. ХХ ст.
Апісанне
Мураваны сядзібны дом пабудаваны на маляўнічым беразе Дняпра. Дакладная дата будаўніцтва не вядома. Па сваіх стылёвых асаблівасцях ён можа быць датаваны пачаткам ХХ ст. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак мае асіметрычную кампазіцыю. Накрыты вальмавым дахам. На заходнім фасадзе маецца пяцігранны эркер з галоўным уваходам, завершаны паўшатром. Дом мае падвалы.
Унутры планіроўка будынка анфіладная. З вестыбюля на другі паверх вядзе драўляная лесвіца. Асаблівым убранствам вызначаецца парадная зала. Плафон у зале ўпрыгожаны ляпнымі разеткамі. Па перыметры залы ідзе шырокі фрыз з аб'ёмнай і унікальнай расліннай ляпнінай, дзе прадстаўлены многія пароды дрэў: елка, ясень, дуб, бяроза, клён, ліпа, каштан, вольха, каліна, рабіна, сасна, граб.
Каля сядзібнага дома размешчаны парк, закладзены ў другой палове ХІХ ст. Па асноўнай кампазіцыйнай восі (усход-захад) ідзе цэнтральная ўязная алея. Пейзажная частка парку знаходзіцца з паўночнага боку ўязной алеі. На супрацьлеглай тэрыторыі з паўднёвага боку быў вялікі пладовы сад.
Былы сядзібны дом захаваўся да нашага часу ў добрым стане. Да сярэдзіны 1950-х гг. ён знаходзіўся ў валоданні Дзяржаўнага коняводчага завода № 95. У 1956 г. на базе завода была сфарміравана Магілёўская абласная дзяржаўная сельскагаспадарчая вопытная станцыя з эксперыментальная базай "Дашкаўка". У 1957 г. была праведзена рэканструкцыя будынка.