Шыфр
712Ж000385
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1979 г.
У 1980 г., напярэдадні Алімпійскіх гульняў была адкрыта гасцініца “Планета” . Будынак узведзены са зборнага жалезабетону, мае выразнае знешняе аблічча. Экстэр’ер уваходнай зоны і інтэр’ер залаў рэстарана аформлены ўнікальнымі керамічнымі пано і кафляй, выкананымі беларускімі мастакамі. У афармленні экстэр’ера ўваходнай зоны і інтэр’ера залаў рэстарана гасцініцы выкарыстаны керамічныя пано і кафля. Трэба прызнаць, што прыкладаў такога спосабу аздаблення экстэр’ераў і інтэр’ераў грамадскіх памяшканняў захавалася няшмат. Таму наяўныя керамічныя пано і кафля ў гасцініцы “Планета” з’яўляюцца ўнікальнымі і выкананы яны на высокім мастацкім узроўні.
У экстэр’еры ўваходнай зоны керамічнае пано “Садоўніцы” выканаў мастак Яўген Ільіч Кузняцоў. Пано “Садоўніцы” зробленана ў даволі складанай тэхніцы падглазурнага роспісу. Існуе меркаванне, што ў кампазіцыі і каларыстыцы аўтар выкарыстоўваў метады і жывапісныя прыёмы ранняга італьянскага Адраджэння (кватрачэнта), мастацтва эпохі Сярэднявечча, традыцый габелена. Керамічнае пано “Садоўніцы”, на думку мастацтвазнаўцаў, – гэта амаж на творы С.Бацічэлі “Вясна” і “Нараджэнне Венеры”.
Серыю з васьмі пано “Поры года” для банкетнай залы рэстарана выканалі В.М.Буціна і А.Я.Дзятлава. Пры стварэнні гэтых твораў выкарыстана ўнікальная прапрацоўка рэльефу ручной лепкай шамоту і ўжыты матавыя глазуры з высокім абпальваннем. Гэта адзіная работа аўтарскага калектыву, якая захавалася. Па задуме аўтара інтэр’ера залы рэстарана Л.А.Каджар афармленне было ажыццёўлена ў народных традыцыях японскага жылля.
Аўтары паліпціху з сямі керамічных пано ў зале рэстарана М.І.Байрачны і В.Р.Прыешкін у сваіх творах закранулі тэму беларускай гісторыі і культуры. Мастакі імкнуліся паказаць усё самае лепшае, што ёсць у Беларусі. Першапачаткова паліпціх уяўляў сабой цэльную кампазіцыю з сямі вертыкальных элементаў, размешчаную на дальняй сцяне залы рэстарана. Кожная вертыкальная кампазіцыя мела сваю назву – “Жыта”, “Мірскі замак”, “Неба”, “Беларусь”, “Неба”, “Сынкавіцкі замак”, “Лён”. Маляўнічасць пано была дасягнута выкарыстаннем яркай колеравай палітры глянцавай глазуры.
Аўтарству Байрачнага і Прыешкіна належаць сем дэкаратыўных керамічных пано (без назвы) і кафля, якой абліцавана частка сцен залы рэстарана. Раней пано было больш, яны размяшчаліся па гарызанталі на сценах залы рэстарана, як можна бачыць на фотаздымках 1979 г. Пасля рамонту ў пачатку 2000-х гг. частка пано страчана. Цяпер тры пано аб’яднаны ў трыпціх і размешчаны на ўваходзе ў рэстаран па вертыкалі. Астатнія чатыры пано згрупаваны ў дыпціхі і размешчаны ў зале рэстарана. На пано адлюстраваны кветкі, плады, снапы жыта, аблокі а таксама шануемыя ў беларускай міфалогіі зубр, конь, дуб. Усе пано аб’яднаны матывам зямлі, неба і вясёлкі, якая іх злучае. Глазураваныя пано характарызуюцца яркімі колерамі і высокім рэльефам.
Для абліцоўкі сцен залы рэстарана М.Байрачны і В.Прыешкін выканалі шэраг дэкаратыўных кафляў з традыцыйнымі малюнкамі зубра, каня, птушкі, снапоў з каласамі і льну, папараці, кветак сланечніка. Як тлумачылі самі аўтары, яны ў падборцы колеравых рашэнняў звярталіся да традыцый керамікі XVII ст., а менавіта да афармлення беларускім майстрам Сцяпанам Палубесам Васкрасенскага Нова-Ерусалімскага манастыра ў Істры.
Мастацка-стылістычныя і тэхналагічныя асаблівасці керамічных пано і кафлі адлюстроўваюць тэндэнцыі развіцця беларускай керамікі і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва апошняй чвэрці ХХ ст., унікальны сінтэз архітэктуры і манументальнага мастацтва, а таксама пераемнасць традыцый. Керамічныя пано і кафлі захавалі аўтэнтычную форму, малюнак і колер, а таксама аўтарскую задуму і ў значнай ступені сваё месца ў экстэр’еры і інтэр’еры гасцініцы.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён