зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Фрагменты былога сядзібна-паркавага ансамбля: рэшткі сядзібнага дома; фрагменты парку; дзве гаспадарчыя пабудовы, лядоўня, стайня

Фрагменты былога сядзібна-паркавага ансамбля: рэшткі сядзібнага дома; фрагменты парку; дзве гаспадарчыя пабудовы, лядоўня, стайня

Змест

Звесткі аб каштоўнасці

Шыфр

612Г000419

Катэгорыя каштоўнасці

Датаванне

канец ХVІІІ – пачатак ХХ стагоддзя

Стыль

сядзібна-паркавае мастацтва

Апісанне

Паводле пісьмовых крыніц, першапачаткова Альшэва знаходзілася ў складзе маёнтка Бакшты, у пачатку 16 ст. належала Гаштольдам. Сядзіба фарміравалася на жывапіснай тэрасе ракі Страча, прытоку Віліі, сярод лясоў, недалёка ад Блакітных азёр. Фарміравалася яна ў барочных формах. Яе парадная частка ўключала сядзібны дом і тэрасны парк. Сярод даследчыкаў існуюць некаторыя разыходжанні аб часе будаўніцтва сядзібнага дома. Так, вядомы польскі кансерватар Станіслаў Лоранц, якія неаднаразова ў 1930-я гг. бываў у сядзібе, пісаў, што драўляны палац быў узведзены ў другой палове 18 ст., быў аднапавярховы з вальмавым дахам, першапачаткова з калонным порцікам, "пабудаваны ў выглядзе падковы цеслярамі ў адпаведнасці з нямецкай традыцыяй". Сучасны польскі даследчык сядзібаў Р.Афтаназі лічыць, што палац быў пабудаваны не пазней першай паловы - сярэдзіны 18 ст. Напачатку быў прамавугольны ў плане, складзены з неацёсаных бярвенняў на высокім мураваным падмурку. Меў характэрны для таго часу ламаны дах, крыты гонтай. Па яго меркаванні, невялікія драўляныя крылы, якія надалі будынку падковападобную форму, былі прыбудаваны ў пачатку 19 ст. Магчыма, пра час рэканструкцыі сведчыла дата на падмурку - 1827 г.

У 1844 г. маёнтак уключаў сядзібу Альшэва, фальварак Бакшты і 8 вёсак з 72 дварамі. Паводле статыстычнага апісання 1847 г. ў сядзібе быў сядзібны дом з каменнымі падваламі, два флігелі, свіран, лядоўня, пральня, кузня, два гумны з малацілкай і рыга. Акрамя таго, меліся скотны двор, вадзяны млын з трыма ставамі, вінакурня і магазін. У канцы сядзібы пры дарозе з Свянцян стаялі дзве карчмы - Альшэўская і Пагулянка. У гэтыя часы ўжо належаў роду Хамінскіх. У 1905 г. Аляксандр Хамінскі пры падтрымцы сваёй жонкі Ядвігі (з роду Горватаў) адкрыў у Альшэве пачатковую школу для беларускіх дзяцей, якая з 1919 г. стала дзяржаўнай. Апошнім уладальнікам Альшэва быў Людвік Хамінскі (1890 - 1958). Ён меў агранамічную адукацыю, быў публіцыстам і грамадскім дзеячам. У 1912 г. арганізаваў Саюз каняводаў. Каля 1929 г. разам з Эдвардам Скірмунтам пабудаваў складаную водную сістэму і заснаваў рыбную гаспадарку. Нягледзячы на тое, што грамадская і творчая дзейнасць Людвіка Хамінскага была звязана з Вільняй, ён жыў у Альшэве. Разам з жонкай Стэфаніяй ператварылі сядзібу ў грамадска-культурны цэнтр, дзе часта збіралася творчая інтэлігенцыя, грамадскія дзеячы, кола блізкіх людзей. У прыбудовах сядзібнага дома спецыяльна былі абсталяваны пакоі для гасцей. Як сведчыць С. Лорэнц, які ў 1930-я гады бываў у Альшэве, тут часта гасцявалі мастакі Фердынанд Рушчыц і Казімір Квяткоўскі, графік Крысціна Урублеўская, навагрудскі ваявода Зігмунт Бячкоўскі, прафесар Уладзіслаў Урублеўскі, пісьменнік Уладзіслаў Умінскі, Эдвард Скірмунт, дырэктар універсітэцкай бібліятэкі ў Вільне Адам Лысакоўскі і многія іншыя. Хамінскія пакінулі сядзібу ў 1939 г. пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР.

 Сядзібны дом акружаў парк плошчаю каля 3 га. Ён закладзены ў духу тэрасных рэгулярных барочных паркаў. У плане меў выгляд прамавугольніка, выцягнутага ўздоўж асноўнай кампазіцыйнай восі. З паўночнага боку парк шчыльна падыходзіў да вадаёму на Страчы, з паўднёвага яго акаймляў вялікі сад. Тэрыторыя парку аформлена пяццю тэрасамі з невялікімі перападамі вышынь. Дом размешчаны на другой тэрасе. Парадны ўезд, аформлены брамай у выглядзе дзвюх калон з пясчаніка, увенчаных шарамі, размяшчаўся на восі будынка (зараз калоны перанесены ў суседнюю сядзібу Камарова).

 У Вялікую Айчынную вайну сядзібны дом захаваўся і пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў прыстасаваны пад школу. У летні перыяд тут функцыянаваў піянерскі лагер. У канцы 1980-х гг. праектнай групай завода імя У.І.Леніна ў Мінску быў распрацаваны праект на рамонт і прыстасаванне былога сядзібнага дома пад завадскі прафілакторый. Падчас ажыццяўлення гэтага праекта ў 1990 г. драўляная частка дома была разабрана. 

Старонка