Шыфр
613Г000250
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
др. пал. XIX ст.
Двор Карпілаўка з 1832 г. належаў Лявіцкім. У 1894 г. у бацькоўскім доме пасяліўся з сям'ёй Антон Лявіцкі, вядомы пад псеўданімам Ядвігін Ш. Сядзіба ўключала драўляны дом, парк, сад, вадаём. Як пісаў Ядвігін Ш.: "Месца, дзе размяшчалася сядзіба, вылучалася асаблівай маляўнічасцю, утульнасцю, у сувязі з чым мне зайдросціць уся вёска".
На дадзены момант ад сядзібы захаваліся толькі фрагменты парку, рэшткі саду (у асноўным яблыні), крыніца і водная сістэма.
Па паўночна-заходняй ускраіне сядзібы праходзіць алея (шырыня 4 м) канца ХІХ ст. Уздоўж паўночнай ускраіны цягнецца лінейная аднарадная пасадка ліпы. Паміж дрэвамі па шнурку некалі былі выкладзены валуны. Ліпы і рэшткі каменнай агарожы дапамагаюць скласці ўяўленне аб агульным контуры былой сядзібы Ядвігіна Ш.
З Карпілаўкай непарыўна звязана жыццё і творчасць беларускага песняра Янкі Купалы, маці якога ў 1909 г. пачала арандаваць суседнія Акопы. Купала карыстаўся багатай бібліятэкай, якая мелася ў сядзібе. Неаднаразова гасцямі сядзібы былі М. Багдановіч, З. Бядуля, С. Чаховіч. Тут бывалі Уладзіслаў Галубок, Зоська Верас, Якуб Колас, Язэп Лёсік і іншыя знакамітыя людзі.
На сённяшні дзень рэшткі сядзібы выкарыстоўваюцца як турыстычны аб’ект.