Шыфр
613Г000362
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Мінская вобласць, Мінскі раён, в. Каралішчавічы, с/с Навадворскі
Датаванне
ап. чв. ХVІІІ ст.
Апісанне
Маёнтак Каралішчавічы, размешчаны на левым беразе р. Свіслач, на адлегласці 17 км ад Мінска, належаў княжацкаму роду Друцкіх-Горскіх. У 1703 г. разам з Лошыцай і Трасцянцом перайшоў Прушынскім. Прушынскія герба "Любіч" паходзяць з зямлі Бельскай на Падляшшы. У 17 ст. Анджэй Прушынскі, сын Амбражэя, першы перасяліўся на ўсходнія межы, ажаніўся з Зоф'яй Войніч і стаў пачынальнікам беларускай лініі. Яго патомкі праз шлюбы з прадстаўнікамі мясцовых шляхецкіх родаў цалкам асіміляваліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Першым уладальнікам Каралішчавіч быў Георгій Геранімавіч Прушынскі (памёр у 1714 г.).
Аб Каралішчавіцкай сядзібе ў пісьмовых крыніцах звесткі даволі сціслыя. Найбольш верагодна, сядзіба была заснавана ў апошняй чвэрці 18 ст. Станіславам Прушынскім. Яна займала высокую левую тэрасу ракі Свіслач, у месцы круглага, рэдкага па форме, маляўнічага выгібу ракі. Уключала драўляны сядзібны дом, рэгулярны парк, касцёл і гаспадарчы двор. Уяўленне аб доме дае адзіны фатаздымак, датаваны прыкладна 1909 г. Драўляны, зрубнай канструкцыі будынак спалучаў формы барока і класіцызму. У плане меў выцягнуты прамавугольнік, быў аднапавярховы, накрыты чатырохсхільным гонтавым дахам. На фасадзе існаваў драўляны ганак з калонамі. Дом згарэў у 1989 г. З старых сядзібных пабудоў захаваўся прамавугольны ў плане гаспадарчы будынак (стайня ці свіран) памерам 33х12 м, пабудаваны з чырвонай цэглы ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. у простых формах утылітарнай архітэктуры. Ад параднага двара, які займаў высокую рачную тэрасу, уніз па склоне размяшчаўся рэгулярны парк, падобны з другімі тэраснымі паркамі таго часу. У парку вылучаліся ліпавыя баскеты, шырока прымянялася тапіярная фармоўка дрэў.Парк вызначаўся маляўнічасцю далёкіх перспектыў на пойму, ахопленую паўкальцом русла ракі. Акцэнтам далёкай перспектывы з'яўляўся касцёл св. Станіслава на процілеглай тэрасе ракі. У касцёле на аргане ў свой час іграў Манюшка. У 30-я гг. ХХ ст. будынак быў перабудаваны пад клуб.