Шыфр
313Г000518
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гомельская вобласць, Мазырскі раён, аг. Барбароў, вул. Ленінская, 84
Датаванне
Сярэдзіна XIX ст.
Стыль
Класіцызм, ампір
Сядзіба, фрагменты якой захаваліся да нашага часу, пачала фарміравацца Горватамі ў першай палове ХІХ ст., дакладней у 1820 - 1830-я гады. Сядзібны ансамбль уключаў у сябе палац, 2 флігелі, дом эканома (флігель), гаспадарчыя пабудовы і пейзажны парк.
Палац быў двухпавярховы прамавугольны ў плане, меў рысы архітэктуры класіцызму. Цэнтральная частка будынка на ўсю вышыню была аформлена чатырохкалонным порцікам, завершаным трохвугольным франтонам. Да паркавага (тыльнага) фасада прымыкала тэраса. Да бакавога заходняга фасада было прыбудавана аднапавярховае крыло, у якім знаходзіліся аранжарэя, канцылярыя і "лазенка" (ванны пакой). Перад палацам быў аформлены партэр у форме эліпса. Па баках партэра сіметрычна размяшчаліся ідэнтычныя аднапавярховыя прамавугольныя ў плане флігелі, што было характэрным прыёмам для сядзібных комплексаў у стылі класіцызму. На ўездзе ў сядзібу з боку мястэчка стаяла мураваная брама. Да брамы прымыкала агароджа, змураваная з цэглы, якая, верагодна, акружала ўсю тэрыторыю сядзібнага двара. Побач з брамай знаходзілася вартоўня. Ад брамы да параднага двара вяла ліпавая алея. Яна заканчвалася перад арачным двухпралётным мостам цераз яр. Мост фіксаваўся з двух бакоў адзіночнымі дрэвамі канадскай таполі.
На сённяшні дзень захаваўся адзін флігель - зараз корпус школы, уязная брама ў стылі ампір з мураванымі пілонамі, завершанымі дэкаратыўнымі вазамі, двухпралетны арачны мураваны мост цераз ручай, рэшткі парка. Парк складаецца з двух амаль роўных па плошчы частак. У парку пераважаюць мясцовыя пароды дрэў: клён, ліпа, таполя, каштан, адна лістоўніца, дэкаратыўныя кусты. Зараз у парку амаль не захаваліся дрэвы, якія раслі пры Горватах.