Шыфр
721Ж000038
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1990–1995 гады
Апісанне
У сучасным беларускім выяўленчым мастацтве творчасць Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі займае значнае месца. Ён мастак шматгранны - жывапісец, майстар партрэта, габелена, манументаліст, педагог, народны мастак Беларусі (1991 г.), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1980 г.), двойчы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980, 1996 гг.). У 1993 г. узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Яго лепшыя творы вядомы не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Аляксандр Кішчанка нарадзіўся 13 мая 1933 г. у вёсцы Белы Калодзеж Багучарскага раёна Варонежскай вобласці.
«Габелен Века» – унікальны твор, выкананы з натуральнай воўны ўручную. Па прызнанні самога аўтара, ідэя твора нарадзілася ў 1991 г. на прэзентацыі габелена «Чарнобыль», які быў вытканы для залы Эканамічнага і сацыяльнага Савета ААН: «Я хацеў, каб Беларусь сродкамі манументальнага мастацтва заявіла пра сябе свету як вялікая і самабытная дзяржава». За гэту работу мастак у 1996 г. узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. У 1999 г. твор занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі габелен у свеце. Яго памеры складаюць 19х14 м, плошча 266 кв. м. Агульная даўжыня ніці габелена больш за 800 км. На працягу 1992-1994 гг. яго выраблялі спачатку 9, а потым 14 высокапрафесійных ткачых на камбінаце прыкладнога мастацтва г. Барысава (цяпер УП «Камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А. Кішчанкі»)
Гэты грандыёзны твор уключае ў сябе ўвесь аглядны Космас, з зямным шарам, з вялікай колькасцю фігур вядомых людзей мінулага і сучаснасці, асобаў, якія зрабілі ўплыў на ход сусветнай цывілізацыі. Коратка мастак так вызначыў тэму твора: «Пра ХХ стагоддзе. Пра стагоддзе прагрэсу, вялізных узрушэнняў і сацыяльных драм, стагоддзе прарыву ў Сусвет і вялікіх адкрыццяў, стагоддзе пошукаў ісціны».
Жанр габелена вызначаны як філасофска-эпічны. Гэта не столькі адлюстраванне канкрэтных падзей, колькі роздум пра адвечнае, асэнсаванне яго ў маштабе ўсёй сусветнай гісторыі.