Шыфр
213В000204
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
XI ст.
Гарадзішча знаходзіцца на поўдзень ад вёскі, на марэнным узгорку на ўсходнім беразе воз. Дзерба. Вышыня гарадзішча 18 м. Яго пляцоўка займае 1 га. З паўночнага і ўсходняга бакоў абкружана балоцістай нізінай. Паўночны бок мае плаўны схіл. Мяркуецца, што тут існаваў пасад, які з цягам часу аказаўся пад вадой. Паселішча на гарадзішчы ўзнікла на рубяжы н. э. Першапачаткова было ўмацавана драўляным частаколам, у ХІ-ХІІ стст. зроблены сцены з тоўстых гарызантальна пакладзеных бярвён. Найбольшага росквіту дасягнула ў ХІІ-ХІІІ стст., адыгрывала ролю парубежнай крэпасці на паўночна-заходняй ускраіне Полацкага княства і, магчыма, было сядзібай-замкам. На пасяленні жылі славяне (крывічы), прадстаўнікі ўсходнебалцкіх і фінаўгорскіх плямён. Знаходкі абломкаў касцей з рунічнымі надпісамі сведчаць аб наяўнасці тут таксама скандынаваў.
Гарадзішча абследавалі ў 1955 г. Л. В. Аляксееў, у 1972 г. М. М. Чарняўскі. У 1976-83 гг. раскопкі праводзіла Л. У. Дучыц. Былі знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, жалезныя нажы, замкі, ключы, крэсівы, нажніцы, сякеры, косы, сярпы, прыстасаванні для рыбнай лоўлі, наканечнікі стрэл і коп'яў, шпоры, страмёны, вырабы з косці (грабяні, накладкі ад тронкаў нажоў, праколкі, гузікі), многа шыферных і гліняных прасліц, тачыльных брускоў, днішчаў посуду з клеймамі, жорны, гліняныя дзіцячыя цацкі, бронзавыя і жалезныя булавы, разнастайныя знаходкі ювелірных вырабаў (падвескі, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, медныя, бронзавыя і шкляныя бранзалеты, фібулы і розныя пацеркі).
Падчас раскопак выяўлены сляды цеснай забудовы як на пляцоўцы і схілах гарадзішча, так і каля яго падножжа. Поўнасцю пабудовы не захаваліся, але мяркуючы па профілях раскопаў, адбіткам згарэўшых бярвенняў і характару мацерыка, можна гаварыць, што жытлы былі наземнымі, зрубнымі, па форме блізкія да квадрата. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы ўзводзіліся з круглых або абцясаных бярвенняў. Падлога была глінабітная і дашчаная. Печы рабіліся глінабітнымі.
У 1982 г. праводзіліся падводныя раскопкі ў воз. Дзерба, якое прымыкае да гарадзішча. Былі знойдзены цыліндрычны замок, шыфернае прасліца, фрагмент сіняга шклянога пярсцёнка, медная блешня, кераміка і інш.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён