зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку

Шыфр

613В000146

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

VI стагоддзе да н.э. – IX стагоддзе н.э.

Апісанне

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку - гэта старажытны цэнтр Капыля, мае авальную форму і размяшчаецца на прыродным узвышшы ў цэнтры сучаснага горада. Гарадзішча носіць назву Замак, Замчышча або Замкавая гара.

У 1998 г. і 1999 г. археалагічныя раскопкі на гарадзішчы былі працягнуты і тэта дазволіла дапоўніць звесткі па матэрыяльнай культуры дзядзінца летапіснага Капыля і Капыльскага замка. Пад час раскопак была знойдзена кераміка VI - VIII стст., жалезная падковападобная фібула X - XI стст., шыферная праселка і фрагмент шклянога бранзалета, якія можна аднесці да XII - ХШ стст.

У 2005 г. археалагічныя даследаванні ў Капылі былі адноўлены пасля пяцігадовага перапынку - адбылося далейшае вывучэнне абарончага рова і вакольнага горада Капыля. Пад час археалагічных раскопак устаноўлена, што шырыня абарончага рова была 20 метраў. Роў выкопваўся на глыбіню да 3-х метраў у самай яго глыбокай частцы. Форма рова - трохкутная з падкругленым дном. Гэта тыновая форма рова для гарадскіх паселішчаў. У абарончым рове пад час археалагічных раскопак не было знойдзена праслоек глею ў культурным слоі, які несумненна сведчыў бы пра тое, што тут стаяла вада. Не было ў пласту глею, светла-шэрага, троху блакітнага ці зеленаватага колеру, які звычайна ўтвараецца на дне вадаёмаў, дзе стаіць вада. Але, прадмацераковы слой уяўляў сабой супесак таўшчынёю да 30 см у яго максімальнай частцы, г.зн. на самым дне рова, па яго сярэдзіне. У гэтым супеску не сустракалася ўжо ніякіх знаходак. Толькі ў адным квадраце, пад спрасаваным культурным слоем, на гэтым супеску, было знойдзена сцябло расліны, якая па вызначэнню Траццякова Д.І. - кандыдата біялагічных навук, расло некалі на поплаве. Але наколькі яна мае старажытнае паходжанне сказаць цяжка. Аналіз грунта паказаў, што слой супеску фармаваўся ў прысутнасці павышанай вільгаці. Хімічны склад часткова пацвярджае гідрагенную акумуляцыю элементаў. Археолаг Л.У.Калядзінскі мяркуе, што роў у старажытнасці мог злучацца з рэчкаю Каменкаю, якая працыкала літаральна ў некалькіх дзесятках метраў ад паўночнага схіла гарадзішча. Роў мог адзяляцца ад рэчкі пласцінаю, як гэта часта рабілася каля іншых замкаў. I таму вада не заўсёды стаяла ў рове, а толькі ў выпадку небяспекі. Роў функцыяніраваў, відаць, выключна да XVIII ст., г.зн. да той пары, пакуль замак захоўваў сваё абарончае значэнне.

Затым ён паступова засыпаўся. Але інтэнсіўная засыпка рова адбылася, хутчэй за ўсё ў XIX - пачатку XX стст.

На захад ад гарадзішча, на правым беразе р.Каменкі, у XII - XIII стст., відаць, існавала паселішча сельскага тыпу. Тут сустракаюцца чарапкі посуду гэтага часу. У XVI- XVIII стст. на гэтым месцы ўзнікла мястэчка Капыль. Межы яго ахоплівалі тэрыторыю прыкладка да Спаса-Узнясенскаха храма, узведзенага ў 1866 г.

Каля гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку знаходзіцца крыніца, якая адносіцца да сістэмы ракі Мажа правага прытоку ракі Морач (басейн ракі Прыпяць). Крыніца знаходзіцца на тэрыторыі Капыльскай краёвай ледніковай грады. Крыніца ўтварае крынічны ручай, які з'яўляецца левым прытокам ракі Мажа. Хімічны аналіз вады з крынічкі, зроблены ў лабараторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сведчыць, што вада высокамінералізаваная, адносіцца да ліку гідракарбанатных кальцыева-магніевых вод. Іёны, якія знаходзяцца ў вадзе крыніцы, размяшчаюцца ў наступнай паслядоўнасці: НСОз-> Са2 +> SO4-2> Mg2 +> Cl-> Na ++ К. Асабліва шмат у вадзе крэмнія, што надае ёй непаўторны густ і празрыстасць. У 1999 г., да 725-годдзя горада, крынічка была асвечана Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусь Крынічка ўяўляе сабой цэлы уладкаваны архітэктурны комплекс. Асноўны выхад знаходзіцца ў ніжняй частцы схілу Замкавай тары. Над крыніцай пабудавана праваслаўная капліца. Лішак вады паступае па трубе, пракладзенай пад вуліцай. Водазабор ажыццяўляецца ў 25 м ад асноўнай крыніцы. Над ім устаноўлены хрысціянскія сімвалы веры. Бартавыя схілы і ванна, куды ажыццяўляецца зліў вады. абкладзены бутавым камням. Падыходы ўладкаваны бетоннымі прыступкамі. Паміж прыступкамі назіраюцца дробныя выхады падземных вод. Тэрыторыя прылеглая да крыніцы засыпана мармуровай дробкай. Крынічны ручай па бетоннаму жолабу трапляе ў раку Мажа.

Гарадзішча пад нумарам 869 уключана ў выданне “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусь Мінская вобласць. Кніга 1”, згодна рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 04.12.2002 г. № 79 помнік археалогіі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка- культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У 2006 г. гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку было абследаваны навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ільюцік А.У. разам з прадстаўніком РУП “Белгеадэзія” Казляк В.Л. згодна дамовы паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і унітарным прадпрыемствам “Праектрэстаўрацыя” аб правядзенні інвентарызацыі археалагічных аб’ектаў, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка- культурных каштоўнасцей РБ. Згодна справаздачы навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ільюцік А.У. агульны стан гарадзішча здавальняючы.

Пастановай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь ад 14 жніўня 2012 г. № 53 зацверджаны праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці - ‘Тарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку”. Праектам устаноўлены наступныя зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці: ахоўная зона, якая ахоплівае тэрыторыю Верхняга і Ніжняга замка Капыля, а таксама тэрыторыю гарадскога курганнага некропаля Х-ХІ стст.; зона рэгулявання забудовы; зона аховы ландшафта; зона аховы культурнага пласта.

Матэрыял з археалагічных раскопак гарадзішча лёг у аснову экспазіцыі «Археалагічная гісторыя Капыльшчыны» у ДУ “Капыльскі раённы краязнаўчы музей”. Тут прадстаўлены адзінкавыя знаходкі ў Рэспубліцы Беларусь: пчаліныя соты, XII стагоддзе, хірургічны нож, XII стагоддзе, навершша шлема, XII стагоддзе. Рэдкімі з'яўляюцца такія знаходкі як вапняк з уключэннем малюскаў, датаваны дэвонскім перыядам - 450 - 410 млн. гадоў таму, зуб маманта, 100 тысяч гадоў таму, пацерка ад княжацкага жаночага галаўнога ўбору, XII ст., пісала, XIII ст., гліняны гаршчок, XII ст., люлька з белай гліны, XVI ст., цацка-свістулькі, XVI ст., медальён з выявай Святога Лаёлы, XVII ст. і г.д.

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку ўключана ў турыстычны маршрут “Як помнік былога, як быль!”