зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Гістарычны цэнтр г. Заслаўя

Шыфр

612Е000324

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Датаванне

XI ст.

Апісанне

Упершыню Заслаўе (летапісны Ізяславль, Жеславль, Жаславль) ўпамінаецца ў летапісах пад 1127-1128 годам у сувязі з паходам на полацкую зямлю вялікага кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. Згодна летапісаў Заслаўе заснавана ў X ст. кіеўскім князем Уладзімірам Святаслававічам як умацаваны пункт на паўночна-заходнім рубяжы Кіеўскай Русі. Каля 985 года перададзены над уладу сыну Уладзіміра князю Ізяславу і яго маці Рагнедзе. Пасля адраджэння ў X ст. самастойнай полацкай княскай дынастыі Заслаўе застаецца ў складзе Полацкага княства і выконвае функцыю памежнай крэпасці. 

На працягу некалькіх стагоддзяў яго цэнтр перамяшчаўся з аднаго ўзвышша на другое на терыторыі паміж рэчкамі Свіслач, Чарніца і Княгінька. 

Верагодна, з пачатку XII ст. горад быў цэнтрам Ізяслаўскага ўдзельнага княства Полацкай зямлі. У сярэдзіне XII ст. горад і княства сталі аб'ектам барацьбы паміж полацкім і менскім князямі. Верагодна, у канцы XIII ст. Заслаўе ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. З 1345 г. Заслаўе - прыватнаўласніцкі горад. Першым яго ўладальнікам быў князь Яўнут Гедымінавіч, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі. У 1433 г. горад спалены войскамі князя Свідрыгайлы. З 1539 г. Заслаўе належала адной з галін роду Глябовічаў. З 1569 г. у складзе Менскага павета. З 1678 г. горадам валодалі Сапегі, з 1753 г. - Пшаздзецкія. У 1793 г. у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай горад увайшоў у склад Расійскай імперыі.

Спачатку горад меў так званую разгрупаваную планіроўку: адміністрацыйна-ваенны цэнтр знаходзіўся на адлегласці ад пасада. Шляхі, што ўзніклі паміж часткамі горада, паселішчамі і могільнікамі, сталі асновай вулічнай сеткі. Складаны рэльеф з узвышшамі, перарэзанымі поймамі рэчак і раўчукоў, балоцістымі нізінамі абумоўліваў устойлівасць яе трасіроўкі. З цягам часу (да канца XI ст.) цэнтр канчаткова замацаваўся на дзядзінцы, што прывяло да ўсталявання тыповай для тагачасных усходне-славянскіх гарадоў планіровачнай структуры: дзядзінец і пасад.

3 другой паловы XIII ст. Заслаўе ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У гэты час горад быў спалены і заняпаў. Да канца XV ст. жыццё ў ім было сканцэнтравана пераважна ва ўмацаванай частцы (у дзядзінцы, потым у замку), пасад быў заселены рэдка, левабярэжную частку насельніцтва ўвогуле пакінула. У канцы XVI ст. тэрыторыя замка пашырана, зменена трасіроўка валоў, замак быў умацаваны бастыёнамі, мураванымі брамамі, акружаны ровам з вадой. На замчышчы пабудаваны кальвінскі збор і палац. Пабудова замка і палаца дазволіла Глябовічам атрымаць тытул графаў, а ваколіцы Заслаў сталі Заслаўскім графствам. 

Асновай планіровачнай структуры Заслаўя з XVI ст. становіцца рыначная плошча, ад якой разыходзіліся галоўныя вуліцы ў напрамках на Мінск, Вільню, Радашковічы, Ракаў. Адна з вуліц вяла да замка. Архітэктурнае аблічча горада ў ХVІІ-ХVІІІ ст. вызначалі тры дамінанты: высокая (35 м) вежа кальвінскага збору на замку (у далейшым касцёл св. архангела Міхаіла, праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква), драўляны касцёл Дзевы Марыі на ўзгорку на поўдзень ад рыначнай плошчы 1626 года (у 1774-1779 гадах на яго месцы быў пабудаваны мураваны касцёл, у 1868 пасля перабудовы пераасвячоны ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы) і 2 вежы драўлянай уніяцкай царквы Праабражэння гасподня (1619, у 1862 годзе разбурана). Адноўленая пасля 1793 года драўляная праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква (не захавалася) была яшчэ адной дамінантай. 

Згодна матэрыялаў сяр. XIX ст. на рыначнай плошчы горада побач з касцёлам размяшчалася плябанія і плябанскія будынкі, багадзельня, у цэнтры плошчы - гандлёвыя рады. У гэты час пачынае змяншацца роля кірмашоў у бок павялічэння крамнага гандлю. У другой пал. XIX ст. на рыначнай плошчы было каля 10 крам. У 1870-1871 гг. згодна статыстычным данным у Заслаўі пражывала 1171 чалавек, з іх 671 было сялянамі ўласнікамі, астатнія - мяшчане. 

Штуршком для больш актыўнага развіцця населенага пункта стала будаўніцтва ў 1873 годзе Лібава-Роменскай чыгункі, якая прайшла праз горад, дзе пазней была адкрыта станцыя Ізяслаў. Гэта з цягам часу прывяло да планіровачных змен на тэрыторыі загараднай сядзібы, якая паступова злучылася з горадам. Тут ўзніклі вуліцы Заслаўская, Паўлаўская, Шырокая. 3 новых грамадскіх пабудоў у канцы XIX ст. у Заслаўі з’яўляюцца будынкі асветы і аховы здароўя, сярод іх некалькі царкоўна-прыходскіх школ, аптэкі. Лячэбніца на Праабражэнскай вуліцы (раён сучаснай вул. Бялова). 

На тэрыторыі гістарычнага цэнтра г.Заслаўе захавалася значная колькасць драўлянай забудовы першай пал. XX ст., якая мае характэрныя элементы драўлянай архітектуры азначаннага перыяду (у тым ліку элементы дэкаратыўнага аздаблення - ліштвы, аканіцы і інш.) Іх можна аднесці да шэраговай гістарычнай забудовы. Архітэктурнае аблічча фасадаў сядзібнай забудовы канца XIX - першай пал. XX ст. фарміруе архітэктурнае асяроддзе цэнтральнай часткі горада і захоўвае яго гістарычную асаблівасць. Сучасны г. Заслаўе развіваецца ўздоўж пагоркаў на поўдзень, паўночны захад і паўднёвы захад.