зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Калядны абрад «Шчадрэц» як адметнае праяўленне лакальнай культурнай традыцыі

Апісанне

Абрад «Шчадрэц» з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в. Рог Салігорскага раёна, праводзіцца на багатую куццю (13 студзеня). Абрад належыць да навагодніх віншавальных абыходных абрадаў, пашыраных пераважна на тэрыторыі Беларускага Палесся. Шчадраванне адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў – дзеда, бабы, «казы», «жураўля», «каня» і інш. Маска «казы» ў абрадзе здаўна лічыцца асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў — дзед з яго берасцяной маскай, аналагаў якой больш няма на Беларусі. Маску вырабляюць у выглядзе шапкі, у якой бяроста злучана адмысловым спосабам («у зубчыкі»). Абрадавы гурт рухаецца па вёсцы з усходу на захад — «па сонцу», не мінаючы ніводнай хаты, апрача тых, дзе жалоба. У дадзеным тыпе абрадавага шчадравання выяўляюцца тры этапы: 1) зварот да гаспадароў з просьбай дазволіць шчадраваць, 2) выкананне абрадавага тэксту і гульні-паказу, 3) адорванне, што суправаджаецца просьбай і словамі падзякі. Значным фактарам захавання абраду ў часе выступае песенны кампанент рытуальнага абходу, увасоблены ў віншавальных «шчадроўных» песнях для гаспадара і яго сям’і, дзяўчыны на выданне, песнях, якія суправа¬джаюць рытуальныя скокі «казы». Віншавальныя напевы выконваюцца «шумна», у выгуковай манеры. Для выканальніцкага стылю ўласціва тэмбрава-дынамічная яркасць, элементы гетэрафоннай фактуры. Захавальнікамі абраду з’яўляюцца ўдзельнікі фальклорнага гурту «Палескія крыніцы» Восаўскага сельскага дома культуры. Гурт мае калектыў спадарожнік – «Ручаёк», дзе займаюцца дзеці. Маладое пакаленне з захапленнем пераймае абрадавую традыцыю і імкнецца ўдзельнічаць у абрадзе.