Шыфр
612Г000082
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Датаванне
1637 - 1641 гг.
Стыль
З рысамі стыляў рэнесансу, ранняга і позняга барока і ракако
Помнік архітэктуры з рысамі стыляў рэнесансу, ранняга і позняга барока і ракако. Касцёл аднанефавы, двухвежавы, з паўкруглай апсiдай i бакавымi сакрысцiямi. Дабудаваныя бакавыя квадратныя ў плане капліцы надалі збудаванню форму каталіцкага крыжа. Галоўны фасад фланкiраваны трох'яруснымi чацверыковымi вежамi, завершанымі нізкімі купалкамі.
Касцёл пабудаваны на заходняй ускраіне вёскі, на высокім пагорку левага берага р. Гальшанка. Першы драўляны касцёл у Вішневе быў заснаваны ў 1424 г. віленскім кашталянам П.Гедгаўдам. Як выглядаў храм звестак не захавалася.
У першай палове 16 ст. віленскія епіскапы ператвараюць Вішнеўскі касцёл у адміністрацыйна-духоўны цэнтр – дэканат, у які ўваходзіла 12 суседніх парафій. У 1600 годзе новагародскі падкаморый Адам Храптовіч купляе Вішнева ў сям’і Пацаў. Сын Адама – Юрый, які вельмі спрыяў каталіцызму, загадаў разабраць драўляны будынак старога касцёла, і на яго месцы ў 1637-1641 гадах быў узведзены мураваны будынак новага храма. Асвячэнне яго адбылося 18 кастрычніка 1675 года віленскім епіскапам Мікалаем Слубскім.
Верагодна, у сярэдзіне 18 ст. касцёл згарэў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што касцёл быў рэканструяваны пасля пажару ў 1771 г. Аднак датыроўка гэта патрабуе ўдакладнення. У гэтым жа годзе да будынка касцёла былі прыбудаваны дзве прамавугольныя бакавыя капліцы і зроблена дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера. У другой палове 19ст. з бутавага каменя ўзведзена двух’яруснае збудаванне брамы-званіцы.
У першую сусветную вайну ў сувязі з блізкім находжаннем фронта, усе абразы з касцёла былі вывезены ў Вільню і вернуты толькі ў пасляваенны час. 3 1932 па 1939гг. былі набыты і навешаны тры званы.
Характэрнай асаблівасцю ў гісторыі касцёла ў вёсцы Вішнева з'яўляецца тое, што гэта адзін з нямногіх каталіцкіх храмаў Беларусі, якія не былі зачыненыя ў савецкі перыяд. Дзякуючы гэтаму, так добра захаваўся яго інтэр’ер, уключаючы ляпніну XVII стагоддзя, разны драўляны алтар XVIII стагоддзя. На сённяшні дзень касцёл у вёсцы Вішнева знаходзіцца ў выдатным стане і працягвае функцыянаваць.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён