зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Змест

Звесткі аб каштоўнасці

Шыфр

412Г000680

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

1899 - 1903 гг.

Стыль

Неаготыка

Апісанне

Касцёл Святой Тройцы ў аг. Гервяты пабудаваны у 1899-1903 гг. у неагатычным стылі. Прадстаўляе сабой трохнефавую крыжовую базіліку з трансептам і высокай вежай на галоўным фасадзе. Перакрыжаванне роўнавысокіх двухсхільных дахаў цэнтральнага нефа і трансепта ўтвараюць у плане праграмны лацінскі крыж. Пастаўлены будынак на невысокі цокаль з гранітных блокаў. Асноўным сродкам стварэння мастацкай выразнасці архітэктуры касцёла з'яўляецца гарманічнае ўзаемадзеянне вертыкальных і гарызантальных рытмаў, спічастых і ступеньчатых формаў.

Галоўны фасад вылучаны ўзнёслай спічастай вежай, у цэнтры кампазіцыі якой размешчана вялікае акно-ружа з вытанчанымі ажурнымі гатычнымі пераплётамі. Завяршае вежу востраверхі спічак з крыжам. 

Асаблівую маляўнічасць вонкаваму абліччу касцёла надае кантраснае спалучэнне цаглянай муроўкі і патынкаваных архітэктурных дэталяў. У інтэр'еры касцёла усе архітэктурныя формы вызначаюцца выцягнутасцю прапорцый па вертыкалі. Алтарныя кампазіцыі і амбон выкананы ў стылі неаготыкі і завершаны востраверхімі пінаклямі. У аконных праёмах па баках трох'яруснага галоўнага алтара ацалелі фрагменты каляровых вітражоў. Над уваходам на двух апорах размешчана двух'ярусная галерэя арганных хораў. Галоўны і бакавыя алтары выкананы з дуба, пакрыты лакам і пазалотай. Таксама аўтэнтычнымі з'яўляюцца амбон, два канфесіяналы і 2 лавы. 

Тэрыторыя касцёла абнесена бутавай агароджай з двухпралётнай брамай у выглядзе двух пілонаў на восі галоўнага фасада.

У Першую сусветную вайну касцёл не пацярпеў, толькі былі канфіскаваны тры званы нямецкім войскам. У 1933 г. праводзіўся капітальны рамонт вежы з заменай драўляных бэлек і пакрыццём новай бляхай. У 1935 г. былі пакрыты ацынкаванай бляхай шлемы вежачак, нанова патынкаваны бленды на фасадах і карнізы. У 1979 г. праводзіўся рамонт унутры храма. У 1982-1990 гг. заменены вокны, пакладзена новая падлога, зроблены новыя лаўкі, адноўлены арган, распісаны алтар, перад ім зроблена новая балюстрада, пафарбаваны фасад вежы. У 1988 г. у Вільнюсе былі выкананы два вітражы, змешчаныя ў вокнах прэсбітэрыя. У 2003 г. праводзіўся рамонт даху і на фасадах.

Касцёл Святой Тройцы па праву лічыцца адным з лепшых узораў неагатычнага стылю на тэрыторыі Беларусі. Таксама ён уваходзіць у пералік трох самых высокіх беларускіх храмаў. Званіца касцёла дасягае вышыні ў 61 м. Побач з храмам размяшчаецца выдатны ландшафтны парк, дзе растуць розныя дэкаратыўныя і рэдкія для Рэспублікі Беларусі расліны. Тут жа знаходзяцца выявы апосталаў.

Старонка