Шыфр
611Г000422
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Датаванне
ХVII - XIX стст.
Стыль
Сталае барока
Апісанне
Новы вялікі мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў пабудаваны ў 1767-1783 гг. і ўключыў у свой аб'ём стары касцёльны будынак. Па меркаванню даследчыкаў, аўтарам новай будслаўскай святыні мог быць Юзаф Фантана, сын знакамітага варшаўскага архітэктара Іосіфа Фантаны. Падставамі для такога меркавання з'яўляюцца вынікі стылістычнага аналізу іншых работ Ю. Фантана на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (асабліва Успенскай царквы ў Віцебску), а таксама факт сваяцкіх сувязяў паміж архітэктарам і заказчыкам айцом Канстанцінам Пенсам. План новага касцёла ў рашэнні прэсбітэрыя, нартэкса і трансепта ў многім паўтараў план калегіі св. Ганны ў Кракаве.
Касцёл у Будславе быў урачыста асвячоны 7 верасня 1783 г. ў імя Прасвятой Дзевы Марыі. Пабудаваная святыня адносілася да найпрыгажэйшых і самых вялікіх бернардзінскіх касцёлаў у Рэчы Паспалітай. Яго даўжыня складала 62 м, шырыня папярочнага нефа 39 м, шырыня корпуса 31,2 м, вышыня фасада з вежамі 50 м.
Касцёл меў 12 алтароў. У галоўным алтары быў змешчаны абраз Мадонны, які паходзіў з палацавай капліцы Яна Паца, віленскага ваяводы. Ян Пац атрымаў гэты абраз ад папы Клімента VIII. Пасля яго смерці ў 1613 г. абраз быў перададзены бернардзінцам.
Пад касцёлам маецца падвал, памяшканні якога перакрыты крыжовымі скляпеннямі з падпружнымі аркамі. Раней у нішах у сценах падвала адбываліся пахаванні.
Касцёл дзейнічаў да 1939 г. У гэтым жа годзе ён быў зачынены. Пасля вайны на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў час ад часу ў касцёл прыязджалі святары, каб весці тут душпастырскую дзейнасць. У пач. 1990-х гг. касцёл аднавіў сваю дзейнасць.