Шыфр
610Г000465
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1587 - 1593 гг.
Стыль
Барока
Апісанне
Касцёл пабудаваны ў 1587 – 1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні па фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Асвячоны 7 кастрычніка 1601 г. Як адзначыла Т. В. Габрусь, будаўніцтва мураванага касцёла і калегіума езуітаў было духоўным эпіцэнтрам усіх грандыёзных пераўтварэнняў князя Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Гэта выяўляецца ў размяшчэнні комплексу ў самым цэнтры планіровачнай структуры Нясвіжа – каля ўезда ў замак з аднаго боку і каля гандлёвай плошчы з другога. За аснову праекта, хаця і са значнымі зменамі, была ўзята планіроўка галоўнага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.
Касцёл – першая крыжова-купальная базіліка ў архітэктуры Вялікага княства Літоўскага. Пабудаваны ў форме лацінскага крыжа з купалам на трансепце і бязвежавым раннебарочным фасадам. Пабудаваны ў стылі барока па праекце італьянскага архітэктара Д.М. Бернардоні па фундацыі князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Адзін з самых ранніх барочных касцёлаў не толькі на землях Беларусі, але і Польшчы. Касцёл добра захаваўся. Адметны сваім паліхромным фасадам з выявамі гербаў і манаграм Радзівілаў, наяўнасцю скульптур у нішах.
Унутры касцёл багата аздоблены. Надмагільныя помнікі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, яго жонкі Эльжбеты Яўфіміі, іх сыноў Мікалая і Крыштофа Мікалая з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі мастацтва маньерызму XVI – XVII стст.
Асаблівасць нясвіжскага касцёла абумоўлена ў некаторай ступені канцэпцыяй яго фундацыі, па якой ён належаў не толькі ордэну езуітаў, але і парафіянам мястэчка, а таксама адначасова прызначаўся стаць фамільнай пахавальняй княжацкага роду.
У 2005 г. ў складзе “Архітэктурнага, жылога і культурнага комплексу рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы” касцёл Божага Цела ўключаны ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.