зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом; два флігелі; гаспадарчыя пабудовы; уязная брама; фрагменты парку

Шыфр

613Г000431

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

кан. ХІХ – пач. ХХ стст.

Стыль

Неабарока, неакласіцызм

Апісанне

На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі захавалася сядзіба - помнік архітэктуры канца ХІХ - пачатку ХХ ст. Звесткі пісьмовых крыніц аб Камароўскай сядзібе вельмі абмежаваныя, невядома дата яе заснавання, фактычна адсутнічаюць дадзеныя аб сядзібных пабудовах. Найбольш раннія ўпамінанні сядзібы адносяцца да сярэдзіны ХІХ ст. 

Камароўская сядзіба была тыповай сядзібай свайго часу. Складалася з сядзібнага дома, комплексу гаспадарчых будынкаў і пейзажнага парку з сістэмай вадаёмаў. Гаспадары сядзібы стала тут не жылі. У летні перыяд сядзіба выкарыстоўвалася як пансіянат. Сюды прыязджалі на адпачынак сем'і з Варшавы і Лодзі.

Сядзібны комплекс у в. Камарова ў добрым стане захаваўся да нашага часу. Мураваны жылы дом знаходзіцца ў заходняй частцы сядзібнага комплексу. Уяўляе сабой П-падобны ў плане аднапавярховы будынак з мансардай. Накрыты двухсхільным дахам. Мае сіметрычную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Цэнтральная частка будынка вылучана ўваходным рызалітам, дэкарыраваным пілястрамі і калонамі. Рызаліт завершаны лучковым франтонам з люнетам і лепкай (выява герба "Ліс"). Па баках франтона размешчаны парапет з балюстрадай, фасады будынка расчлянёны руставанымі лапаткамі. У планіроўцы дома выкарыстана двухрадная анфілада рознавялікіх прамавугольных у плане памяшканняў.

Насупраць сядзібнага дома размешчаны два аднатыпныя службовыя флігелі. Як паказалі натурныя даследванні, адзін з флігеляў стаіць на падмурках раней існаваўшага будынка. Аднак звестак аб больш ранняй забудове сядзібы не захавалася. У пісьмовых крыніцах толькі ўпамінаюцца "господские" пабудовы, вінакурня і млын, існаваўшыя пры папярэдніх уладальніках. Свіран пабудаваны з бутавага каменю.

Сядзібны парк, па меркаванні А.Т. Федарука, першапачаткова фарміраваўся ў рэгулярным стылі на паўднёвым схіле. У канцы ХІХ ст. ён відазмяніўся, асабліва на ніжняй тэрасе (мажліва, звязана з будаўніцтвам сядзібных будынкаў), прыняў пейзажныя рысы, аднак, як заўважае даследчык, выразнага планіровачнага рашэння не атрымаў. Цэнтрам кампазіцыі верхняй тэрасы з'яўлялася вялікае аранжарэя ў акружэнні саду (зараз на яе месцы будынак вучылішча). У заходняй частцы аранжарэі размяшчалася група вяза шаршавага, у паўднёвай летам выстаўляліся субтрапічныя і трапічныя расліны. Асобна стаялі вялікія дрэвы ліпы драбналістай (не захаваліся). Уздоўж грэбня тэрасы ішоў рад ліпы з фармаванымі кронамі.