зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Комплекс былой сядзібы Зіберг-Плятэра: гаспадарчыя пабудовы

Шыфр

212Г000836_3

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Датаванне

ХVIII - ХIХ стст.

Апісанне

Акрамя цэнтральнага палаца, сярод будынкаў, якія раней адносіліся да сядзібы да нашых дзён захаваліся: птушнік-свінарнік, кузня, флігель, стайня, кароўнік, кірха, спіртзавод, электрастанцыя. Побач з палацам размяшчаецца  кірха (лютэранскі храм). Прамавугольны ў плане будынак з цэглы пад вальмавым дахам. Масіўныя сцена храма, звенчаныя прафіляваным карнізам, атынкаваныя і пабеленыя. Фасады з заходняга і ўсходняга боку, а таксама вуглы будынку дэкарыраваны лапаткамі. Кірха мае два ўваходы з усходняга і адзін –  з паўднёвага фасадаў.  Да паўночна-усходняга   фасаду ў савецкі час прыбудаваны гаражы з цэглы. У храме толькі чатыры аконныя праемы: па два – з заходняга і паўднёвага фасадаў. Пад будынкам кірхі маецца каменнае падвальнае памяшканне з прыгожымі арачнымі скляпеннямі. Для ўзвядзення гаспадарчых пабудоў выкарыстана цэгла і бутавы камень.

Птушнік і свінарнік – прамавугольны ў плане двухузроўневы будынак пад двухсхільным дахам. Першы паверх з бутавага каменю,  аздоблены цаглянымі лапаткамі,  аконныя і дзвярныя праёмы –  ліштвамі. Маюцца два ўваходы: з паўднёвага і заходняга  бакоў. Другі паверх будынка цагляны. Уваход на яго звонку  і знаходзіцца на ўсходнім фасадзе,  абазначаны ганкам з бутавага каменю. Зараз у будынку размяшчаецца фізкультурна-аздараўленны цэнтр.

Былая кузня, якая  цяпер  пустуе, мае двухсхільны дах і пабудавана   з бутавага каменю. Сцены завершаны прафіляванымі карнізамі. Уваход ў будынак з паўднёвага боку праз аднастворкавыя дзверы,  з ўсходнага – праз двухстворкавыя. Здвоенныя і адзінарныя аконныя   і дзвярныя арачныя праёмы аздоблены ліштвамі з цэглы, чатыры вуглы ўпрыгожаны лапаткамі з каменю. Франтоны цагляныя, з паўднёвага боку ў франтоне маеца аконны праём.

Флігель – прамавугольны ў плане будынак з цэглы з двухскатным дахам вылучаным мансардай з дрэва  на восях заходняга і ўсходняга фасадаў. Вокны абрамляюць гладкія ліштвы. На франтонах з паўднёвага і паўночнага боку чатыры акны прамавугольнай формы і адно – паўкруглай.

Да 2015 года флігель выкарыстоўваўся як жылы дом. Ужо некалькі  гадоў гэта  пустуючае памяшканне разбураецца  і патрабуе грунтоўнага рамонту.

У аварыйным стане знаходзіцца стайня – будынак з бутавага каменю, які складаецца з чатырох прамавугольных памяшканняў, аб’яднаных  у форму квадрата пад суцэльным вальмавым дахам. З паўднёвага боку маецца ўваход ва ўнутраны дворык. Вокны з заходняга боку знаходзяцца ў верхняй частцы сцяны, ва ўнутраным дворыку вокны і двухстворкавыя дзверы абрамляюць ліштвы з цэглы, вуглы будынка са знешняга боку дэкарыраваны лапаткамі.

Яшчэ ў пачатку XXI стагоддзя канюшня выкарыстоўвалася для ўтрымання цялят, але з цягам часу дах будынка з паўночна-усходняга боку разбурыўся і зараз ён не выкарыстоўваецца.

На сённяшні дзень мясцовай гаспадаркай у якасці склада выкарыстоўваецца былы кароўнік. Гэта двухузроўневы будынак першы паверх якога з бутавага каменю, другі – з цэглы. Абманныя двухстворкавыя дзверы і вокны, размешчаныя на заходнім і ўсходнім фасадзе будынка,  аздоблены ліштвамі з цэглы. Вуглы ўзятыя ў рамы лапатак. Лапаткі таксама падзяляюць заходні і ўсходнія фасады на тры роўныя часткі.

У кароўніку ёсць ліфт на другі паверх, але ён на сённяшні дзень не дзейнічае.

Спіртзавод – двух’ярусны будынак у стылі класіцызму з цэглы і бутавага каменю пад двухсхільным дахам  вылучаным трохвугольным франтонам. У пасляваенны час да гэтага памяшкання дабудоўваліся трохсцены, што радыкальна змяніла яго першапачатковы выгляд. Зараз будынак не выкарыстоўваецца і знаходзіцца ў запусценні.

Млын у Гарадцы  размешчаны непасрэдна каля ракі Мнюта. Гэта цагляны будынак ад якога  захаваліся  толькі сцены з паўночна-заходняга і паўночна-усходняга боку. Прамавугольныя аконныя праёмы зверху аздоблены цаглянымі ліштвамі.