Шыфр
711Д000049
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1795 г.
Апісанне
Мінскія Кальварыйскія могілкі адны з найбольш старажытных, што захаваліся ў горадзе. Налічваюць больш за 30 000 пахаванняў. Узніклі ў XVIII ст. Спачатку тут хавалі больш багатых, потым усіх гаражан. З 1967 г. для пахавання закрыты. У цэнтры могілак размешчаны касцёл. Пабудаваны ў 1839 г. з бутавага каменю на месцы драўлянага касцёла, разабранага ў 1830 г. У 1899 г. адрамантаваны. У 1930-я гг. закрыты. Да 1984 г. выкарыстоўваўся пад мастацкія майстэрні. Пасля рамонту вернуты вернікам. Касцёл - помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Брама на могілках пабудавана ў 1830 г. у формах класіцызму. Уяўляе сабой сцяну з трыма паўцыркулярнымі праёмамі: вялікім цэнтральным і меншымі па памерах бакавымі. Ад касцёла ў паўднёвым напрамку ідзе другая цэнтральная алея. Паралельна ёй у заходняй частцы могілак праходзіць яшчэ адна алея.
Найбольш старыя пахаванні сканцэнтраваны ў цэнтральнай частцы могілак, каля касцёла. На асобных магілах захаваліся помнікі са скульптурнымі кампазіцыямі, каплічкі, грабніцы.
На Кальварыйскіх могілках пахаваны мастак Ян Дамель, паэт Янка Лучына. Ёсць брацкія і адзіночныя магілы савецкіх воінаў і ахвяр фашызму Вялікай Айчыннай вайны.