Шыфр
511Г000017
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў.
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1669--1672 гг.
Стыль
Барока
Апісанне
Дакладная дата заснавання Мікалаеўскага брацкага жаночага манастыра не вядома. Найбольш ранняе ўпамінанне адносіцца да 1630 г., калі ён быў перанесены на падол, на поўнач ад гарадскіх умацаванняў. Упершыню Мікольская царква ў Магілёве згадваецца ў 1522 г. У 1579 г. была пабудавана новая драўляная Мікалаеўская царква, асвячоная 25 красавіка 1580 г. Вядома, што ў 1607 г. пры царкве вучыў дзяцей Дзмітрый Нагі -- будучы Лжэдзмітрый ІІ, які некаторы час тут жыў. У 1626 г. царква згарэла.
У 1636 г. Кіеўскі мітрапаліт П. Магіла атрымаў грамату польскага караля Уладзіслава IV на будаўніцтва манастыра. Упачатку ў 1637 г. была пабудавана драўляная царква і такія ж келлі. У 1646 г. кароль Уладзіслаў IV даў прывілей на будаўніцтва мураванай Мікалаеўскай царквы. Будаўніцтва мураванай царквы распачалося толькі ў 1669 г. пасля стварэння малодшага праваслаўнага брацтва. У 1672 г. храм быў урачыста асвячоны.У 1697 г. царскі стольнік П.А. Талстой у падарожных нататках адзначаў: "За городом монастырь Николаевский, в нем живут инокини благочестивой греческой веры. В том монастыре церковь каменная, изрядного строения, ...иконостас великий, золоченый". Па асноўных прынцыпах пабудовы Мікалаеўская царква паўтарала саборны храм Брацкага Богаяўленскага манастыра. Аднак, даследчыкі адзначаюць, што яна мела больш вытанчанае дэкаратыўнае рашэнне заходняга фасада. Адначасова з Мікалаеўскай царквой на тэрыторыі манастыра былі пабудаваны багадзельня і дом для братчыкаў. Свята-Мікольскі жаночы манастыр дзейнічаў да 1719 г., затым быў пераведзены ў мужчынскі. У другой палове 18 ст. тут вядуцца будаўнічыя работы, у выніку якіх манастырскі комплекс атрымаў рэгулярную прамавугольную форму плана, быў абнесены мураванай сцяной з 2 брамамі і званіцай. У 1793-1798 гг. была пабудавана цёплая мураваная царква св. Ануфрыя. Царква прамавугольная ў плане, бясстоўпная, мае апсіду і прытвор. Завершана вялікім паўсферычным купалам. У 1995 г. пасля рэстаўрацыі асвячоны галоўны прастол Мікольскай царквы. У 1996 г. завершана будаўніцтва новага двухпавярховага корпуса ўздоўж паўночнай сцяны агароджы. У ім размясціліся келлі, трапезная, бібліятэка, нядзельная школа. У 1998 г. у Мікольскую царкву вернуты іканастас, выканана яго рэстаўрацыя. У 2000 г. асвячоны прастол правага прыдзела, а ў 2002 г. -- у левым прыдзеле.