зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Культура беларускай дуды

Шыфр

83БЛ000170

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Віцебская вобласць; Гродзенская вобласць; Мінская вобласць; Магілёўская вобласць; Мінская вобласць, г. Мінск; Гомельская вобласць

Апісанне

Першая згадка пра дуду сустракаецца ў канцы XV ст. у помніку перакладной старажытнай беларускай літаратуры «Аповесці пра трох каралёў валхвоў». Самая ранняя выява дуды, якая дайшла да нас на беларускіх землях зафіксавана на керамічнай плітцы XVI ст., якая была знойдзена ў мястэчку Мельнік. Беларуская дуда на працягу сваёй гісторыі развіцця на нашых землях атрымлівала розныя найменні. Так, у «Лексіконе» Памвы Берынды ХVII ст. прыводзяцца назвы дуды – «сопль» і «перагудніца». Аўтар вызначае «сопль» як абазначэнне групы духавых інструментаў, сярод якіх «сопель», пищалка», «флетня», «фуяра», «дуда» і інш. Пры гэтым звяртаецца асаблівая ўвага на паняцце «перагудніца», гэта значыць «дуда, шторт», пры гэтым выканаўца называецца «перагуднік», гэта значыць «дударь, штортист», што паказвае на тое, што найменне беларускай дуды было адасоблена ад усёй групы духавых. У этнаграфічным артыкуле Е. Р. Раманава «Выміраючы інструмент», (1910 г.) упершыню вельмі падрабязна прыводзяцца звесткі аб памерах частак інструмента і матэрыяле, з якога яны вырабляліся, а таксама рэпертуар дудароў.

Пачаткам другога перыяду ў гісторыі вывучэння дуды, па адзнаках І. Д. Назінай, стаў запіс 95-ці гадовага дудара Гаўрылы Слаўчыка з Гарадоцкага раёна Віцебшчыны, зроблены савецкімі этнамузыколагамі Я. У. Гіппіусам і З. В. Эвальд у 1931 г. ў Ленінградзе. Пазней у 1941 г. адзін з найгрышаў быў апублікаваны ў зборніку «Беларускія народныя песні» з каментарамі ў артыкуле «Заўвагі пра беларускую народную песню». Працэс адраджэння дударскай традыцыі пачаўся ў 1970-х гадах ХХ стагоддзя. Муляж дуды майстрам Лычкоўскім быў зроблены напрыканцы 1970-х гг. У той жа самы час фалькларыст і музыка Уладзімір Гром разам з майстрам Аляксандрам Жукоўскім зрабілі граючы інструмент. Вядомы майстар Уладзімір Пузыня першую сваю дуду зрабіў у 1982 г. Гэтая дуда гучала ў фільме «Людзі на балоце» 1983 г. Свой шлях майстра па вырабу інструментаў у 1989-1990-х. гг. пачаў мастак Т. Кашкурэвіч. У 1991 г. загучалі разам дзве беларускія дуды – А. Лася і Т. Кашкурэвіча. На фестывалі ў Вільні «Skamba kankaliai» гэта выклікала вялікі энтузіазм і захапленне ва ўсіх прысутных [15, с. 45 ]. Вядомым майстрам па вырабу духавых існтрументаў з’яўляецца В. Кульпін. На дадзены момант на тэрыторыі Беларусі вырабам дуды займаюцца маладыя, але вядомыя майстры Дз. Сухі, С. Чубрык, А. Сурба і іншыя. Інструменты, вырабленыя нашымі майстрамі, большасць якіх пражываюць у г. Мінску, шырока ўжываюцца і карыстаюцца папулярнасцю у Беларусі і за межамі нашай краіны.