зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне

Шыфр

43БЛ000172

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Гродзенская вобласць, г. Гродна; Гродзенская вобласць, Лідскі раён

Апісанне

У народнай культуры Гродзенскага Панямоння інструментальная музыка застаецца актуальнай і запатрабаванай часткай мастацтва вуснай традыцыі: падчас каляндарных і сямейных святаў, на фэстах, вечарынах, падчас адпачынку, для харэаграфічнага суправаджэння. 

Спецыфічнай рысай музычна-інструментальнай традыцыі Гродзеншчыны з’яўляецца ансамблевае выканальніцтва. Наяўнасць на танцавальных вечарынах або вяселлі капэлі з вялікай колькасцю выканаўцаў лічылася шчасцем і рабіла гонар гаспадарам, у адваротным выпадку (напрыклад, калі ансамбль складаўся ўсяго з аднаго-двух чалавек) пра танцавальную вечарыну казалі – “слабенькія танцы”, а пра вяселле – “беднае вяселле”. 

Асноўныя інструменты, якія сустракаліся на Панямонні - скрыпка, цымбалы, гармонік (баян), акардэон, кларнет, дудкі, бубен, барабан (з талеркамі, калатушкай), лыжкі, бразготкі. З гэтых інструментаў утвараліся ансамблі самых розных складаў – капэлі, якія складаліся з: саліруючага, вядучага мелодыю інструмента (скрыпка, гармонік, кларнет, цымбалы), акампануючага мелодыю гармоніка, акардыёна, цымбал, рытмізуючых музычную фактуру барабана, бубна, пішчыка і г.д. 

Дударства на тэрыторыі Гродзеншчыны не захавалася ў жывой народнай традыцыі. Згадваюцца толькі некторыя ўспаміны жыхароў Навагрудчыны і Карэліччыны пра музыкаў-дудароў у даследваннях рускага і беларускага этнографа, фалькларыста Шэйна П.В. (“Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края”, 1887‒1902).

Незапатрабаванасць дуды на Гродзеншчыне звязана, па-першае, з шырокім распаўсюджваннем больш танных і зручных музычных інструментаў – гармоніка, скрыпкі; па-другое, у нязграбнай форме самога інструмента і смешным становішчы дудара; па-трэцяе, змайстраваць дуду не проста, гэта пад сілу ўмеламу майстру з выдатным музычным слыхам. Не проста і наладзіць такі інструмент: даўжэйшы гук будуецца ў актаву з меладычнай трубкай, карацейшы – у квінту да першага гуку. 

Кожная дуда складаецца з чатырох галоўных частак: 1 - скуранога меха, 2 -  драўлянай соскі, 3 - драўлянага перабору – клавіятуры, 4 -  драўлянага гуку.

Мех робіцца з цялячай альбо казінай скуры, вывернутай навыварат. Мех павінен мець толькі адно шво, якое робіцца па тым разрэзе на жываце скуры жывёлы, які неабходны для яе  зняцця. Далей дудар прымаецца за выраб драўляных частак дуды. Каб у дудзе быў лад, лічыцца неабходным рабіць усе яе часткі  з аднаго і таго ж дрэва.

У аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці жыве і працуе народны майстар народных музычных інструментаў Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч. Яго творчасць заснавана на народнай традыцыі вырабу музычных інструментаў у Беларусі. Ён майструе свае інструменты дома, які па сутнаці з’яўляецца сапраўднай майстэрняй. У падсобных пабудовах нарыхтаваны дрэвы для апрацоўкі. У хаце знаходзіцца стацыянарны станок, на якім ідзе апрацоўка вырабу будучага інструмента. Таксама ў пакоях знаходзіцца вялікая колькасць разнастайных прылад працы, якімі майстар апрацоўвае свае інструменты.

Майстар вырабляе як духавыя (флейты, акарыны, дудкі, свістулькі-“паршнёўкі”, жалейкі, трубы, ражкі), так і ўдарныя (клякоткі, рубелі, калоткі і г.д.) народныя музычныя інструменты. Мар’ян Антонавіч таксама мадэрнізуе інструменты, ён  ўносіць свае мадыфікацыі ў тэхналогію вырабу інструментаў для іх лепшага гучання. Майстар Мар’ян Скрамблевіч увесь час стварае новыя калекцыі інструментаў са сваім непаўторным новым гукам.

Мар’ян Скрамблевіч робіць інструменты з дрэў, якія растуць у той мясцовасці, дзе ён жыве і працуе – гэта клён, акацыя, ясень, чаромха, сасна, дуб, рабіна, груша і інш. Майстар перавагу аддае “зімоваму дрэву”, “калі яно спіць”, як ён сам тлумачыць. Нарыхтоўку драўніны ён робіць у лістападзе або снежні. Каб дрэва “галосна спявала”, яго трэба сушыць 6-8 гадзін у саломе пад навесам. Пры распілоўцы загатоўкі дудкі патрэбна ведаць, што “голас” павінен быць ад “караней”, а раструб “к вярхушке”. Яго пошукі гукавых якасцей духавых інструментаў прывялі яго да таго, што ён робіць дудкі і з бамбука.

На базе Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці філіяла ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” створаны музей драўляных народных інструментаў народнага майстра Мар’яна Скрамблевіча, дзе захоўваецца больш за 200 экспанатаў. Побач з выставачнай залай музея знаходзіцца пакой, у якім майстар сабраў старыя сталярныя інструменты, якімі карысталіся ў вёсцы Адэльск раней. За 13 гадоў існавання яго наведалі больш за 5 тысяч чалавек з розных краін далёкага і бліжняга замежжа. Мар’ян Антонавіч стварыў фальклорны ансамбль народных інструментаў пры Цэнтры культуры. Маленькія ўдзельнікі ў ім іграюць на дудачцы, ражку, трашчотцы, барабане, баянах і гармошке. Ансамбль выступае на раённых аглядах, мясцовых мерапрыемствах і святах. У музеі перыядычна правадзяцца раённыя і абласныя семінары, сюды наведваюцца дзеці і настаўнікі не толькі мясцовай школы, але і з іншых школ вобласці. Па словах самаго майстра, гэты музей ажывіў вёску, даў далейшае развіццё народнай культуры.

Музычныя інструменты майстар Мар’ян Скрамблевіч робіць спецыяльна і для дзяцей, каб яны таксама маглі на іх іграць, каб у іх не было цяжкасці пры ўтварэнні гука. Свой вопыт майстар  перадае вучням з Адэльскай школы. Мар’ян Антонавіч час ад часу наведвае мясцовую школу, дзе дае адкрытыя урокі, на якіх расказвае і паказвае свае дудкі, і, як ён кажа, “прывучае дзяцей да народнага гука”. 

Сваё майстэрства Мар’ян Антонавіч стараецца перадаць усім жадаючым. Самыя патаемныя сакрэты вырабу інструментаў ведае яго сын, а ўнук з самага маленства іграе на яго інструментах. Яго вучні жывуць у розных краінах, але па сённяшні момант ствараюць інструменты, падтрымліваюць сувязь з майстрам.

Мар’ян Скрамблевіч стварыў 10 аўтарскіх інструментаў, якія імітуюць гукі прыроды, спеў птушак.

Акрамя вынаходніцтваў у галіне духавых і ударных інструментаў, Мар’ян Скрамблевіч працуе і як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар па вынаходніцтву ў галіне гукавых якасцяў гармоніка, рэстаўрыруе скрыпкі і іншыя старыя музычныя інструменты.

Народны майстар з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных  выставак, фестываляў, святаў народнай творчасці, дзе годна прастаўляе нацыянальную культуру Беларусі.

За значны асабісты ўклад у развіццё народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў Мар’ян Антонавіч стаў лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” у намінацыі “народны майстар”(2005 год). У 2016 годзе Мар’яну Антонавічу нададзена званне “Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна”, а яго імя занесена ў “Кнігу славы Гродзенскай вобласці”. Творчасць майстра па вырабу музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (2016 год). Народны майстар М.Скрамблевіч удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2020 год).

У 2021 годзе Мар’ян Антонавіч атрымаў Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю праекта па захаванні традыцыйных спосабаў вырабу народных інструментаў і папулярызацыю сваёй творчасці. У рамках праекта быў абноўлены музей драўляных народных інструментаў народнага майстра, набыта абсталяванне для сталярнай майстэрні па вырабу драўляных музычных інструментаў М.А. Скромблевіча, створана відэатэка аўдыёзапісаў гучання музычных інструментаў Мар’яна Антонавіча.