Шыфр
112Е000530
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Квартал забудовы ў межах вуліц Першамайскай-Горкага-Бялова і Дома культуры сфармаваўся ў выніку ажыццяўлення праектнага плана г. Пінска 1842 г., які ставіў сваёй задачай прывядзенне ў геаметрычны парадак гарадской вулічнай сеткі і гарадскіх кварталаў. Доўгі час забудова ў дадзеным раёне горада заставалася драўлянай і толькі ў канцы XIX ст. на ўчастку вуліцы, размешчанай паблізу гандлёвай плошчы, быў пабудаваны першы каменны дом.
Пачынаючы з 1900 г. улады горада прадпісвалі “...не вырабляць капітальных рамонтаў драўляных дамоў, але забудоўваць вуліцы толькі каменнымі дамамі”. У 1921 г. у Пінску здарыўся страшны пажар, у выніку якога ў цэнтральнай частцы горада згарэла вялікая колькасць драўляных будынкаў і было пашкоджана шмат каменных. На пасяджэнні Пінскага магістрата ад 13 жніўня 1921 г. быў заслуханы даклад аб аднаўленні згарэлых падчас гарадскога пажару будынкаў па вул. Дамініканскай і вул. Лагішынскай (сучасныя вуліцы Горкага і Першамайская).
Пры вызваленні горада ў ліпені 1944 г. забудова горада значна пацярпела. Бясследна зніклі не толькі многія драўляныя будынкі. У выніку разлютаваных баёў за горад, пацярпела таксама і каменная забудова. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, у сувязі са значным разбурэннем жылога фонду ў Пінску, большасць будынкаў, у тым ліку дамы па вул. Першамайскай, былі занятыя пад жыллё і толькі ў 1960-х гг. там зноў размясцілі крамы.