Шыфр
612Д000235
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1975 г.
Апісанне
Мемарыяльны комплекс "Дальва" быў адкрыты ў 1975 г. на месцы былой в. Дальва, знішчанай нямецка-фашысцкімі акупантамі 19 ліпеня 1944 г. Вёска разам з жыхарамі была спалена за дзесяць дзён да прыходу Чырвонай Арміі.
Нямецка-фашысцкія захопнікі шчыльным кальцом акружылі вёску. Усіх жыхароў сагналі ў хату мясцовага жыхара Васіля Кухарэнкі, замкнулі дзверы і кінулі ў дом гранату. Далей салдаты пачалі падпальваць вёску з двух бакоў. У агні пажару загінула 44 чалавека: 29 дзяцей, 13 жанчын і 2 мужчыны. Самаму старэйшаму дзеду Купрыяну было 80 год, а самаму малому Косцю Кухарэнку - 2 гадкі.
У 1955 г. на месцы брацкай магілы астанкаў жыхароў былой вёскі быў пастаўлены помнік. Пазней, у 1963 г. быў пастаўлены абеліск: наверсе была пяціканцовая зорка, ніжэй надпіс: "Нашчадкі не забудуць вас", прозвішчы і імёны зажыва спаленых 44 чалавек.
У 1972 г. у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце быў аб'яўлены конкурс на лепшы праект помніка вёсцы Дальва. Пераможцам аказаўся трэццякурснік аддзялення скульптуры мастацкага факультэта Уладзімір Церабун - выхаванец народнага скульптара Андрэя Ануфрыевіча Бембеля. Праект мемарыяла стаў яго дыпломнай работай. Пазней за стварэнне мемарыяла аўтар быў узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі.
Кампазіцыя мемарыяла складаецца з элементаў, свабодна размешчаных на прасторы. Каля дарогі ўстаноўлены камень-валун, на якім высечаны надпіс: "Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была вёска Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў". Непадалёку на нізкім пастаменце ўзвышаецца цэнтральная скульптура жанчыны, якая застыла ў смутку. Да яе прыхінуўся, абхапіўшы рукамі, хлопчык. Скульптура жанчыны з дзіцем -- сімвал смуткуючай, але не ўкленчанай маці-Радзімы. За скульптурай уздыбленыя абгарэлыя бэлькі - сімвал спаленага дома; справа - шаснаццаціметровая Сцяна-Памяці з імёнамі загінуўшых і надмагільная пліта. На месцы былых пяці вясковых хат з дванаццаці спаленых устаноўлены з шэрага бетона сімвалічныя вянцы зрубаў. Перад гэтымі зрубамі пры ўваходзе ў хаты на прыступках пакладзены сімвалічныя знакі -- рэльефы з сілуміна: дзіцячая лялька, збанок, серп, скрыпка, клубок нітак. Гэтыя рэчы як бы нагадваюць, што тут жылі людзі, у якіх з бесчалавечай жорсткасцю адабралі жыццё.
Дарожкі, што вядуць да помніка, размешчаны пад вуглом, што дазваляе бачыць помнік з розных пунктаў. У памяць аб ахвярах фашызму пасаджаны 44 бярозкі. Пляцоўкі перад усімі элементамі комплексу, дарожкі, якія вядуць да іх, выкладзены каменем, пасыпаны шэрай галькай, што ў кантрасце з зеленню газонаў стварае ўражанне выпаленай зямлі.