зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Мемарыяльны комплекс "Шунеўка"

Мемарыяльны комплекс "Шунеўка"

Змест

Апісанне

Мемарыяльны комплекс "Праклён фашызму" устаноўлены на ўшанаванне памяці жыхароў в. Шунеўка і іншых вёсак у Докшыцкім раёне, знішчаных разам з насельніцтвам у 1941-1944 гг. нямецка-фашысцкімі акупантамі. Комплекс знаходзіцца ля аўтамабільнай дарогі “Докшыцы – Бягомль” (Р3), з паўднёва-заходняга боку ад яе, паміж вёскамі Добрунь і Рашкаўка. Перад комплексам ўсталяваны шыльды з надпісамі “Мемарыяльны комплекс “Шунеўка” і “Шунеўка”. 

22.05.1943 г. у час правядзення карнай аперацыі “Котбус” гітлераўцы спалілі в. Шунеўка разам з жыхарамі (старэйшаму было 75 год, малодшаму - 1 год). На досвітку, пасля таго як на шашы непадалёк ад Шунеўкі на партызанскай міне падарвалася аўтамашына з нямецкімі салдатамі, у вёску ўварваліся фашысцкія карнікі. Частка жыхароў хавалася ў лесе побач з вёскай, але ўцячы яны не паспелі. Гітлераўцы акружылі вёску. Яны сагналі жанчын, падлеткаў і старых у вялікую калгасную пуню, зачынілі дзверы і падпалілі. Тых, хто спрабаваў вырвацца з агню, расстрэльвалі з аўтаматаў. Малых дзяцей і настаўніцу Ніну Сямёнаўну Руткоўскую са старэйшай вучаніцай Надзеяй Калягай, якія спрабавалі заступіцца за іх, пакідалі ў калодзеж і закідалі гранатамі У той страшны дзень у Шунеўцы загінула 66 чалавек, у тым ліку 15 дзяцей ва ўзросце да 6 гадоў. Засталіся ў жывых толькі Канстанцін Ананіч з сямігадовай дачкой Соняй, якіх карнікі не заўважылі ў лесе, і Валодзя Руткоўскі, якому ўдалося вырвацца з ахопленай полымем пуні і дабегчы да лесу. Карнікі стралялі яму ўслед, але куля не зачапіла яго. Пасля вайны вёска не адрадзілася. 

Усяго ў час аперацыі “Котбус” карнікі ў раёне спалілі 99 вёсак, 3927 двароў, загубілі больш за 20 тыс. мясцовых жыхароў, вывезлі на катаржныя работы ў Германію 605 чалавек. 

У 1967 г. на месцы трагедыі мясцовыя жыхары паставілі абеліск, вялася работа па аднаўленні імёнаў загінуўшых у агні людзей. 

15 чэрвеня 1979 г. на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мемарыял. На месцы спаленых хат залілі стылізаваныя бетонныя падмуркі, быў пастаўлены бетонны зруб калодзежа, абеліск на месцы пуні (адрыны), у якой спалілі людзей, стэла з імёнамі загінуўшых вяскоўцаў. 

Свой канчатковы выгляд мемарыяльны комплекс займеў 3 ліпеня 1983 г., калі быў адкрыты цэнтральны манумент комплексу - “Праклён фашызму” - скульптурная выява жанчыны-маці з узнятымі ў праклёне фашыстам рукамі. Яна пастаўлена ў праёме стылізаванай брамы. Цішыню парушаюць рэдкія ўдары двух званоў, замацаваных на бэльцы праёма. 

Манумент створаны скульптарам А.А. Анікейчыкам, архітэктарамі Л.М. Левіным і Ю.М. Градавым. 

У 2010 г. мемарыяльны комплекс рэканструяваны з добраўпарадкаваннем тэрыторыі. 

Старонка